“Витебский курьер” адпраўлены на пакой

Адна з самых масавых газет Віцебшчыны, што выходзіла з 1906 году, стала ахвярай вяснавых акцый ціску і пераследу незалежнай прэсы. Пачаўшся ў сталіцы яшчэ ў лютым, у траўні неўзабаве хваля дакацілася і да рэгіёнаў. У пачатку траўня “Витебскому курьеру” канчаткова адмовілі ў праве на распаўсюд. Выданне мела шмат чытачоў, распаўсюджвалася як праз свабодны гандль, так і па падпісцы. Але ж галоўным яго “недахопам” была яго незалежная ад уладаў накіраванасць.

Гэты недахоп і паспрабавалі выправіць афіцыйныя ворганы, ды самым простым спосабам – пазбаўленнем ліцэнзіі. Так, яшчэ 6 траўня 2010 года Вышэйшы гаспадарчы суд пакінуў у сіле рашэнні Гаспадарчага суду Віцебскай вобласці, адмовіўшы прыватнаму ўнітарнаму гандлёваму прадпрыемству “Витебский корунд” у атрыманні ліцэнзіі на распаўсюджванне выдання.

Падпіска на газэту “Витебский курьер” забаронена, продаж у шапіках “Белсаюздруку” не дазволены таксама. Заснавальнікі выдання спадзяваліся, што атрымаецца наладзіць яго распаўсюд праз прыватнае гандлёвае прадпрыемства.

Не маючы ліцэнзіі, выдаўцы газеты спрабавалі распаўсюджваць яе бясплатна, проста на вуліцах. Аднак гэтая ініцыятыва караецца: ужо некалькі разоў міліцыянты арыштоўвалі наклад “Витебского курьера”, які зарэгістраваны ў Расіі і друкуецца ў Смаленску. Аднак і сам па сабе распаўсюд выдання таксама з’яўляецца злачынствам.

 Распаўсюд, якога не было

Алега Баршчэўскага, у чыёй машыне 7-га красавіка міліцыянты знайшлі некалькі асобнікаў гэтай недзяржаўнай газеты ды іншых выданняў, суд Першамайскага раёну пакараў за нібыта незаконны распаўсюд друкаваных СМІ.

7 красавіка ў аўтамабілі Алега Баршчэўскага, спыненым на аўтазапраўцы, супрацоўнікі міліцыі знайшлі 31 асобнік газеты «Витебский курьер», прычым рознага часу выданьня. А таксама некалькі нумароў незарэгістраванай газеты «Наш дом» і брашур, выдадзеных грамадзкай кампаніяй «Наш дом», якой кіруе Вольга Карач, жонка спадара Баршчэўскага.

Позву на судовы працэс рэдактар газеты «Витебский курьер» Алег Баршчэўскі так і не атрымаў: паперу дасталі з паштовай скрыні, калі яго самога не было ў горадзе.

Праваабаронца Павал Левінаў паведаміў гэта ў Першамайскі суд. Бо першапачаткова працэс над Алегам Баршчэўскім быў прызначаны на 1 чэрвеня, але ў той дзень на працы не было суддзі. Паводле праваабаронцы, заканадаўства дазваляе перанесці працэс — калі падсуднаму пра яго не паведамілі належным чынам, у прыватнасці, не ўручылі позву пад подпіс.

Але суд усё адно адбыўся 7 чэрвеня — у адсутнасць Алега Баршчэўскага. Так вырашыў суддзя Віктар Калбун, які, дарэчы, у гэты ж дзень судзіў і апазыцыйнага актывіста Сяргея Каваленку.

Штраф памерам 20 базавых велічынь (каля 270 даляраў) спадар Калбун наклаў на рэдактара «Витебского курьера» за нібыта незаконны распаўсюд гэтай газеты, зарэгістраванай як расейскае пэрыядычнае выданне. А таксама за іншыя выданні, знойдзеныя ў аўтамабілі — бо перавозка, паводле беларускага заканадаўства, таксама  лічыцца распаўсюдам.