Фэйсбук, Твітэр, мапы і проста мабільны тэлефон могуць стаць не толькі сродкамі камунікацыі, але і памагчы ў дасягненні вельмі канкрэтных мэтаў: знізіць карумпаванасць мясцовых уладаў, вызваліць чалавека з незаконнага зняволення, прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці да існуючай праблемы. Прынамсі, распаведзеныя ў стужцы 25 гісторый сведчаць пра тое, што такая схема працуе.
Ідэя стварэння такой стужкі прыйшла нефармальнаму згуртаванню праграмістаў, праваабаронцаў, сябраў грамадскіх арганізацый, якія сабраліся на конферэнцыі ў 2009 годзе ў Індыйскай правінцыі. “А далей ужо ўсё было проста – кожны распавёў сваю гісторыю аб тым, як аднойчы перамог несправядлівасць з дапамогай новых медыя, – кажа адзін з арганізатараў віленскага паказу, Табіяс Вайман. – Мы проста запісалі самыя цікавыя гісторыі на плёнку, сістэматызавалі іх. Вось і ўся стужка. Зрабіць было проста, а затое якая карысць!” Табіяс перакананы, што папулярнасць гэтага праекту, які быў паказаны людзям ужо ў больш чым двух дзясятках краінаў, абумоўлена яго практычнай карысцю, якая можа натхняць на дзеянні.
Цяпер беларускія праваахоўнікі, сябры грамадскіх арганізацый і проста актыўныя людзі, якіх у залі для прагляду сабралася больш за 60, таксама могуць карыстацца ўсімі паказанымі метадамі і сродкамі. Каардынатар моладзевага праекту moladz.org і арганізатар прагляду Віталь Бірукоў зазначыў, што “інфармацыя – вялікая сіла, калі ўмець пусціць яе ў правільнае русла”. Галоўнай жа мэтай паказу фільма-лекцыі Віталь лічыць папулярызацыю грамадскай дзейнасці, у прыватнасці на Беларусі, дзе праблема правоў чалавека з’яўляецца пакуль вельмі балючай. Пры гэтым Віталь настойвае, што прает – па-за палітыкай, і накіраваны ў першую чаргу на самаразвіццё маладых і актыўных.
Далейшая дыскусія паказала, што маладыя і актыўныя сапраўды шукаюць новыя шляхі каб заявіць пра сябе і свае правы. Лідэр арганізацыі “Гей- Беларусь” Сяргей Андросенка, а таксама вядомая беларуская блогерша Хрысціна зазначылі, што “чым больш інструментаў маюць людзі, тым больш шансаў, што яны перамогуць. Трэба проста абараняць сябе, і цяпер мы ведаем як”.