Акцэнт падчас місіі быў зроблены не на назіранне за працэсам галасавання, а на тое, як праходзіла перадвыбарчая кампанія, уражанні яе ўдзельнікаў ад шматмесяцовай барацьбы, чаму маладой украінскай дэмакратыі яшчэ трэба вучыцца.

Удзельнікі праекту правялі апытанні рэгіянальных штабоў кандыдатаў у прэзідэнты, сустракаліся з грамадскімі арганізацыямі, наўпрост апытвалі выбаршчыкаў.

“Украіна далёка прасунулася наперад у плане дэмакратычнасці выбараў, выдалення дзяржаўнага ціску як фактара перадвыбарчай барацьбы – ні кандыдаты, ні выбаршчыкі не наракалі на дыскрымінацыю або парушэнні іх правоў з боку дзяржаўных уладаў,” – гаворыць каардынатарка праекту Анастасія Матчанка.

Вайна грошай
Пры гэтым шмат якія аспекты кампаніі прымушаюць жадаць лепшага. Гэта распаўсюджаныя выпадкі куплі-продажу галасоў, карупцыя СМІ і вялізная маёмасная няроўнасць паміж кандыдатамі.

“Вайна грошай” – гэтую фразу давялося чуць шмат у якіх штабах, асабліва менш заможных кандыдатаў”, – казаў удзельнік місіі ў Львове Вадзім Вілейта.

Асабліва выразна маёмасная дыскрымінацыя кандыдатаў выяўляецца ў патрабаванні ўнясення задатку ў памеры 2,5 мільёнаў грыўняў (звыш 200 тыс. еўра) для ўдзелу ў выбарах. Для параўнання – у Літве, дзе сярэдні ўзровень жыцця прыкметна вышэйшы за ўкраінскі, аналагічны задатак складае ўсяго каля 3 тыс. еўра. “То бок ва Украіне на заканадаўчым узроўні палітыка акрэсленая як гульня для багатых,” – абагульняе В. Вілейта.

Грузінаў у Адэсе не чакалі
Здараліся і кур’ёзныя сітуацыі. На ўсходзе і поўдні Украіны грамадскасць насцярожана ўспрымала любога замежніка, бо ў гэтых мясцінах была праанансаваная вялікая прысутнасць назіральнікаў з Грузіі. Шмат хто з мясцовых жыхароў ім быў не рады – з прычыны прарасейскасці рэгіёну.

У Адэсе ўдзельнікам місіі давялося ўцякаць ад гневу тамтэйшага люду, які беспадстаўна палічыў іх за грузінаў.

У Кіеве ж назіральнікі з Літвы і Беларусі зафіксавалі сляды падрыхтоўкі да “рэвалюцыі” ў выпадку паразы аднога з кандыдатаў. Адзін з удзельнікаў змог па нумары тэлефона, указаным на аб’яве ў метро, дамовіцца аб працаўладкаванні – за адзін дзень прастою на плошчы яму паабяцалі 75 грыўняў. Прапановай ён не скарыстаўся.

У цэлым місія прайшла паспяхова і выявіла нямала выпадкаў недасканаласцяў выбарчага працэсу. Больш дэталёва высновы місіі будуць прааналізаваны ў заключнай справаздачы.

Першы тур выбараў Прэзідэнта Украіны прайшоў 17 студзеня, у ім перамогу атрымалі Віктар Януковіч (35%) і Юлія Цімашэнка (25% галасоў). Другі тур адбудзецца 7 лютага 2010.

***

Праект “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” ладзіцца Аб’яднаным цэнтрам беларускіх ініцыятыў, Беларускім Домам правоў чалавека ў Вільні, Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам і Шведскім міжнародным ліберальным цэнтрам.

Удзел у ім бяруць маладыя людзі з Беларусі (студэнты ЕГУ і прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў), студэнты і грамадскія актывісты з Літвы і Швецыі.

Праект фінансуецца МЗС Нарвегіі і Шведскім Міжнародным Ліберальным Цэнтрам. У яго рамках ужо адбылося некалькі назіральных місіяў у Літву, Нарвегію, Грузію, Украіну, будуць праходзіць місіі ў іншыя краіны рэгіёну. Удзельнікі не толькі назіраюць за выбарамі, але праходзяць папярэднюю прафесійную падрыхтоўку – акадэмічны курс па назіранні за выбарамі ў рамках праграмы ЕГУ з удзелам выкладчыкаў з Беларусі, Літвы, Нарвегіі, пасля якога здаюць экзамен і атрымліваюць адпаведны дыплом.