Гісторыя аднаго ўчынку
7 студзеня удзень на вяршыні галоўнай гарадзкой елкі на плошчы Перамогі ў Віцебску з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг. На вачах у сотняў гаражан, якія прыйшлі канцэрт мастацкай самадзейнасьці ці на каток, сцяг знялі супрацоўнікі МНС з дапамогай адмысловай пажарнай машыны. У хуткім часе Сяргей Каваленка, сябра КХП БНФ, які вывесіў сцяг,быў затрыманы міліцыяй. З міліцэйскай машыны ён паспеў патэлефанаваць журналістам і паведаміць, што сцяг быў узняты ў гонар сьвята Божага Нараджэньня.
Супраць Каваленкі была распачатая крымінальная справа паводле 2-й часткі 339 артыкула Крымінальнага кодэкса, якая прадугледжвае пакаранне за «хуліганства, здзейсненае паўторна ці групай асобаў, або звязанае з супрацівам асобам, якія спрабуюць прадухіліць хуліганскія дзеянні». У той час, пакуль Сяргей Каваленка знаходзіўся ў ізалятары, у яго кватэры, а таксама кватэрах яго сяброў і сябраў партыі БНФ, былі праведзеныя ператрусы. Некалькі дзён актывіст правёў у следчым ізалятары. Але пасля Каваленка быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.
“Грамадскі рэзананс”
Сяргей Каваленка (на фота злева) лічыць, што выпусціць яго пад падпіску ўлады былі вымушаныя таму, што ягоны ўчынак мае шырокі грамадскі рэзананс. Тым часам, мясцовыя ўлады паспрабавалі арганізаваць свой спецыфічны “рэзананс”. На наступны дзень пасля праведзенай Каваленкам акцыі ўсе віцебскія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі надрукавалі артыкулы, дзе параўноўваюць спадара Каваленку з вандаламі, што б’юць ліхтары на вуліцах ды размалёўваюць платы. Газета “Віцебскі рабочы” пайшла яшчэ далей і абразліва назвала Каваленку “мутантам”.
У той жа час учынак Сяргея Каваленкі стаў сваеасаблівым штуршком для актывізацыі апазіцыйнай дзейнасці ў рэгіёне. 11 студзеня ў Віцебску адбыўся сход па стварэнні грамадскага камітэта ў абарону арыштаванага. У аргкамітэт увайшлі прадстаўнікі розных дэмакратычных партый, рухаў, грамадскіх арганізацый, у прыватнасці, прадстаўнікі партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», старшыня Віцебскай арганізацыі партыі БНФ і іншыя прадстаўнікі дэмакратычнага руху Беларусі.
Дата суда над актывістам пакуль невядомая. Сяргею Каваленку пагражае альбо арышт ад 3 да 6 месяцаў, альбо да 5 гадоў абмежавання волі, альбо турэмнае зняволенне на тэрмін да 6 гадоў.
Сяргея Каваленку ўжо неаднаразова затрымлівалі за акцыі з нацыянальнымі сцягамі, каралі штрафамі і арыштамі.