Падчас пасяджэння судом былі заслуханыя тлумачэнні сябраў “Нашай Вясны” і прадстаўніка Мін’юсту. Па выказаным ў судзе меркаванні пракурора, дадзеная скарага не можа быць задаволена.
У выніку Вярхоўны Суд прыйшоў да высновы, што Міністэрства юстыцыі рэальна мела падставы для адмовы ў дзяржрэгістрацыі ГПА “Наша Вясна”, сярод якіх былі пералічаныя наступныя. Па-першае, неадпаведнасць рэчаіснасці альбо скажэнне звестак, указанных у спісах заснавальнікаў. Суддзя Церах спаслаўся на пазначэнне недакладных звестак пра 4 асобы з 71 заснавальнікаў у спісе, пададзеным на рэгістрацыю. Па-другое, адмаўленне рэгіструючаму органу ў правядзенні праверкі дакладнасці дакументаў, што звязаны з юрыдычным адрасам арганізацыі. Па меркаванню суда, гарантыйны ліст адносна юрыдычнага адрасу немагчыма прызнаць юрыдычна значным пры рэгістрацыі аб’яднання.
Узгаданыя падставы былі ўказаны ў лісце Мін’юсту і падцверджаны спісамі заснавальнікаў ГПА “Наша Вясна”, дакументамі, што тычацца асабістых дадзеных заснавальнікаў, далучанымі да справы матэрыяламі адносна праверкі гарантыйнага ліста аб прадстаўленні памяшкання для размяшчэння юрыдычнага адрасу аб’яднання.
Астатнія акалічнасці, пералічаныя ў лісце Мін’юсту аб адмове ў рэгістрацыі ГПА “Наша Вясна”, суд не палічыў істотнымі для адмовы ў рэгістрацыі.
Акрамя таго, Вярхоўны Суд палічыў неабгрунтаванымі довады заяўнікаў аб тым, што азначаныя рэгіструючым органам недахопы маглі быць выпраўленыя падчас рэгістрацыі арганізацыі: Мін’юст мае права, але не абавязаны прадстаўляць магчымасць для выпраўлення недахопаў.
Такім чынам, прымаючы да ўвагі выкладзенае і кіруючыся артыкуламі 302 і 306 ГПК Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны суд вырашыў Бяляцкаму А.В., Стэфановічу В.К і Лабковічу У.М адмовіць у задавальненні скаргі на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна”.
Як інфармуе Радыё “Свабода”, праваабаронца Валянцін Стэфановіч зазначыў, што гэтае рашэнне будзе абскарджана па нагляду на імя старшыні Вярхоўнага суда. Заснавальнікі ГПА “Наша Вясна” таксама звярнуцца са скаргай, у якой будуць аб’яднаны ўсе тры адмовы ў рэгістрацыі аб’яднання ў Камітэт ААН па правах чалавека, паколькі, па меркаванню Стэфановіча, у дадзеным выпадку мае месца парушэнне беларускімі ўладамі Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах , а таксама дыскрымінацыя адносна праваабаронцаў.
Нагадаем, што 25 траўня Мін’юстам было прынята рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі ГПА “Наша Вясна”. І гэта была трэцяя па ліку спроба праваабаронцаў зарэгістраваць арганізацыю. Да гэтага Мін’юст двойчы адмаўляў у рэгістрацыі “Нашай Всны”: у 2007 годзе, затым у 2009. Папярэдняя адмова Мін’юсту ў рэгістрацыі аб’яднання, што мела месца 26 лютага гэтага года, таксама абскарджвалася ў Вярхоўным судзе і скарга праваабаронцаў таксама была пакінута без задавальнення.