175 тысяч рублёў павінен выплаціць горацкі жыхар за парушэнне правілаў добраўпарадкавання гораду. Каля пяці гадоў таму ён павесіў на дрэва каля свайго дому інфармацыйны стэнд і перыядычна выстаўляў на ім кнігі, часопісы і брашуры  для бясплатнага распаўсюду. За гэты час стэнд неаднаразова ламалі, вандалаў шукала міліцыя. Неўзабаве мясцовы суд пакараў іншага жыхара Горак за знішчэнне самадзейнай выставы.

Пятро Маланачкін шматкроць звяртаўся да мясцовых чыноўнікаў з просьбай узгадніць месца размяшчэння стэнду, аднак безвынікова. На пяты год існавання рэлігійна-прававой выставы ўлады ўсё-ткі зрэагавалі.

Яны вырашылі мяне пакараць. Забараніць распаўсюд Бібліі, Новага запавету, іншую рэлігійную і прававую літаратуру, – распавядае Маланачкін. – Выклікалі на паседжанне камісіі райвыканкаму. Забаранілі і далі штраф 5 базавых велічынь. Нібыта я парушыў добраўпарадкаванне Горак. Хоць там проста вісеў стэнд на дрэве, і ніякага добраўпарадкавання ён не тычыўся.

Мясцовыя вернікі-пратэстанты перакананыя ў палітычнай афарбоўцы справы. Пятро Маланачкін – адзін з ініцыятараў кампаніі збору подпісаў супраць будаўніцтва АЭС, у час якой сваю падтрымку актывістам выказалі некалькі тысяч жыхароў Горак.