Апроч цкаванняў, судовых пераследаў, арыштаў, штрафаў і турэмных зняволенняў, дзеля абмежавання дзейнасці праваабаронцаў шырокі распаўсюд у Беларусі займела таксама і практыка нерэгістрацыі грамадскіх арганізацыяў. Балазе артыкул 193.1 КК РБ прадугледжвае крымінальную адказнасць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Напрыканцы траўня чарговую, ужо трэцюю, адмову ў легалізацыі атрымала грамадскае праваабарончае аб’яднанне “Наша Вясна”. Заснавальнікі арганізацыі, вядомыя ў краіне і ў свеце праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімер Лабковіч катэгарычна не згодныя з пастановай Міністэрства юстыцыі і збіраюцца абскарджваць пастанову чыноўнікаў у Вярхоўным Судзе РБ, а таксама ў Камітэце па правах чалавека ААН. Пра гэткі намер было заяўлена 3 чэрвеня ў Менску ў час супольнай прэс-канферэнцыі заснавальнікаў ГПА “Наша Вясна” і Асамблеі няўрадавых арганізацыяў з нагоды атрыманых імі афіцыйных адмоў у рэгістрацыі.

Актывісты катэгарычныя: пастаянныя адмовы ў рэгістрацыі сведчаць пра негатоўнасць беларускіх уладаў да правядзення сістэмных зменаў, скіраваных на далейшую лібералізацыю ў краіне.

“Узнікае жаданне проста сказаць чыноўнікам з Мінюсту і тым, хто за імі стаіць: хопіць валяць дурня. Арганізацыі адмаўляюць у рэгістрацыі трэці раз, і ў той жа час праваабарончы цэнтр “Вясна” ў 2004 годзе прынялі ў Міжнародную федэрацыю правоў чалавека, дзейнасць многіх праваабаронцаў адзначана міжнароднымі прэстыжнымі ўзнагародамі,адзначае Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і заснавальнік ГПА “Наша Вясна”. – Таму пазіцыя уладаў зусім незразумелая, паколькі гэтыя яе дзеянні адбываюцца на фоне дэкларатыўных размоў пра паляпшэнне стасункаў з Еўразвязам, а адна з умоваў гэтага збліжэння – паляпшэнне ўнутранай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. А як гэта можна зрабіць без рэгістрацыі грамадскіх арганізацыяў і аб’яднанняў?”

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч агучыў пазіцыю заснавальнікаў ГПА “Наша Вясна”: “Мы афіцыйна заяўляем пра тое, што мы дзейнічалі і дзейнічаем ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Праваабарончы цэнтр “Вясна” і надалей будзем працягваць дзейнасць ад імя гэтай арганізацыі. Мы гатовыя ўспрыняць любую рэакцыю ўладаў на нашую заяву і натуральна мы б віталі крокі ўлады, скіраваныя на скасаванне ганебнага артыкула 193.1 Крымінальнага кодэксу РБ, паколькі ўпэўненыя, што ён парушае Канстытуцыю краіны і не адпавядае міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека,  а перш за ўсё Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах”.

 

 

***

Беларускія ўлады маюць уласнае бачанне сітауцыі з правамі чалавека ў краіне. Замест спынення гвалту над мірнымі дэманстрантамі, пераследу іншадумства і вызвалення палітвязняў чыноўнікі параўноўваюць айчынны ўзровень дэмакратыі з суседнімі краінамі, у тым ліку і з Еўразвязам. Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў заявіў: “Мы лічым, што сітуацыя з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі не горшая, чым у суседніх краінах, і анічым не горшая, чым шмат у якіх краінах Еўрапейскага Звязу. Я думаю, што калі б наш парламент рыхтаваў даклад па правах чалавека ў іншых краінах, ён таксама знайшоў бы што пакрытыкаваць”.