“Ён пачуваецца вельмі дрэнна. Надзвычай дрэнныя аналізы. Пачынаюцца праблемы з пячонкаю”, – паведаміў агенцыі БелаПАН адвакат зняволенага бізнэсоўца Павал Сапелка. І дадаў, што Аўтуховіч, не зважаючы на крытычны стан, збіраецца працягваць галадоўку “да канца”. Палітвязень хворы на панкрэатыт, і бестэрміновая галадоўка можа яго забіць.

Мікалай Аўтуховіч абвясціў бестэрміновую галадоўку 16 красавіка "ў знак пратэсту супраць беззаконня і самаўпраўнасці следчых органаў, адсутнасці пракурорскага нагляду за ходам расследавання (…) справы" і запатрабаваў вызвалення яго, а таксама іншых палітвязняў Юрыя Лявонава і Уладзімера Асіпенкі.

Аднак аніякіх следчых дзеянняў з удзелам зняволеных ваўкавыскіх прадпрымальнікаў дагэтуль не праводзіцца. Іншае рэакцыі з боку беларускіх уладаў таксама няма.

***

У знак салідарнасці з вязнем-галадоўнікам, а таксама іншымі палітзняволенымі па ўсёй Беларусі адбываюцца акцыі, удзельнікі якіх патрабуюць ад уладаў неадкладнага вызвалення Аўтуховіча і яго паплечнікаў. Многія ўдзельнікі акцыяў былі арыштаваныя, а некаторыя і збітыя супрацоўнікамі міліцыі.

 

 

 

 

 

 

4 траўня "галадоўку салідарнасці" з Аўтуховічам абвясцілі 13 беларускіх дэмакратычных актывістаў, сярод якіх палітыкі, журналісты, прадпрымальнікі, маладзёвыя актывісты. Патрабаванне пратэстоўцаў нязменнае – вызваліць Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенку. Пазней да акцыі далучыліся і іншыя актывісты, як у Беларусі, гэтак і ў Францыі ды Нямеччыне. На сённяшні дзень у "галадоўцы салідарнасці" бяруць удзел 29 чалавек.

"Я не магу застацца абыякавай, калі людзі, блізкія мне па поглядах, знаходзяцца ў такой страшэннай сітуацыі, несправядліва знаходзяцца за кратамі. Таму, спадзяюся, нашая салідарнасць дапаможа дамагчыся вызвалення палітвязняў",адзначае актывістка з Берасця Наталля Касцючык, якая трымае "галадоўку салідарнасці" з 7 траўня.