Два месяцы “звычайнага абыходжання”
Актывіста “Маладога фронту” з Асіповічаў Арцёма Дубскага вінавацілі ў тым, што ён выкарыстаў чужую сім-карту, каб увайсці ў Інтэрнет, чым нібыта нанёс cтраты ўладальніку.
А.Дубскага арыштавалі 13 лютага.
Справа была разгледжаная яшчэ 13 сакавіка і прыпыненая, бо бакі памірыліся. Нягледзячы на гэта, хлопец быў змушаны правесці ў турме яшчэ месяц.
У інтэрв’ю “Нашай ніве” А. Дубскі распавёў, што ў турме з ім абыходзіліся “як з іншымі зэкамі, нічога асаблівага. Адзіны негатыўны момант звязаны са збіццём, калі міліцыянты збівалі ўсіх пятнаццаць сукамернікаў”.
15 красавіка без усялякіх тлумачэнняў А. Дубскі быў выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.
Галадоўка за кратамі
У беларускіх турмах застаюцца яшчэ трое прадстаўнікоў руху прадпрымальнікаў, якіх праваабаронцы таксама лічаць за палітвязняў: Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка і Юрый Лявонаў.
Як “Хартыі’97” паведаміў адвакат Павел Сапелка, М.Аўтуховіч абвясціў бестэрміновую галадоўку.
“Ён патрабуе максімальна хуткага сканчэння даследавання або змянення меры стрымання”, – сказаў адвакат арыштаванага прадпрымальніка, вядомага сваёй жорсткай крытыкай у дачыненні да палітыкі ўладаў.
М.Аўтуховіча ўжо трэці месяц трымаюць у менскай турме на Акрэсціна. Яго разам з паплечнікамі спрабуюць абвінаваціць у падпалах. Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка публічна звязаў іх з тэрарыстычнай дзейнасцю.
Лідэр прадпрымальніцкага руху лічыць абвінавачванні абсурднымі. Ён збіраецца галадаць, пакуль яго, а таксама У.Асіпенку і Ю.Лявонава не выпусцяць з турмы.
“Адчувае сябе ён не надта. Наракае на сэрца і зрок”, – гэтак стан здароўя М.Аўтуховіча ахарактарызаваў адвакат.
Грамадскасць патрабуе вызвалення
Дэмакратычныя сілы Беларусі 16 красавіка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску правялі Акцыю салідарнасці з палітзняволенымі.
Акцыя брутальна разагнаная АМАПам. Міліцыянты білі апазіцыянераў, рвалі сцягі Еўразвязу. Гл. фотарэпартаж "Хартыі97" з акцыі.
“І хлопцам, і дзяўчатам нанасілі ўдары па нагах, хрыбце, нырках”, – “Хартыі’97” распавёў актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Аляксандр Атрошчанкаў. – “Тых, хто ўпаў, тапталі нагамі, некалькі чалавек сур’ёзна збітыя”.
Акцыі салідарнасці прайшлі і ў іншых гарадах Беларусі. У Берасці падчас яе правядзення арыштавана 11 маладзёвых актывістаў. У Баранавічах акцыю сарваў АМАП, напярэдадні арыштаваўшы траіх арганізатараў.