Навідавоку: акцыі не заміналі
Гарадскія ўлады Менску не дазволілі шэсце ў кірунку цэнтру гораду, традыцыйна рэкамендаваўшы крочыць на Бангалор. У перадухіленне несанкцыянаваных дзеянняў, АМАП перагарадзіў падыходы да цэнтру. У мэтах “дэманстрацыі сілы”, як казалі арганізатары, падцягнутыя былі снайперы і нават супрацьпяхотныя “спіралі Бруна” з калючага дроту.
Мірны мітынг каля Акадэміі навук распачаўся а 18.00. Хроніка мерапрыемства – тут.
У параўнанні з мінулымі гадамі (прыкладам, з 25 сакавіка 2008 г.), сама акцыя прайшла больш мірна. Аднак на думку аналітыкаў, у тым заслуга не ўлады, а ўдзельнікаў акцыі, якія не пайшлі на супрацьстаянне з АМАПам, але і адмовіліся ад “прынізлівага” шэсця па спальных раёнах – замест гэтага пашыхтаваліся жывым ланцугом уздоўж пр. Незалежнасці.
За кулісамі: Дзень волі ў няволі
Улады рабілі ўсё, каб сарваць мерапрыемства. Паводле звестак праваабарончага цэнтру “Вясна”, у Менску на кватэрах маладзёвых актывістаў – Дзяніса Карнова, Валера Мацкевіча, Алега Ладуцькі – былі зладжаныя ператрусы; затрыманыя трое прадстаўнікоў “Маладога фронту” з Баранавічаў. Ва ўсіх выпадках міліцыя найперш была зацікаўленая ў канфіскацыі матэрыялаў, падрыхтаваных да акцыі – сцягоў, расцяжак і г.д.
У правінцыі цырымоніліся яшчэ менш. Цэлы шэраг актывістаў і іх бацькоў у розных гарадах Беларусі на пярэдадні акцыі атрымалі тэлефанаванні са службаў бяспекі. На маладзёнаў аказваўся ціск, каб не дапусціць іх удзелу ў святкаванні Дня волі ў Менску. Бацькоў угаворвалі паклапаціцца аб “выхаванні” дзяцей.
У Гомлі раніцай 25 сакавіка былі затрыманыя, а праз некалькі гадзін прызнаныя вінаватымі ў “хуліганізме” актывісты незарэгістраванай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Сяргей Трыфанаў і Кастусь Жукоўскі, з пакараннем штрафам у дачыненні да першага і 3-дзённым зняволеннем – да другога.
Падчас святкавання ў Віцебску затрыманыя асобы, якія спрабавалі ўздымаць нацыянальную сімволіку – лідэр Гарадоцкага БНФ Леанід Аўтухоў, актывісты КХП-БНФ Сяргей Каваленка, Ігар Базараў і інш.
У Горадні святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня волі было ўвогуле проста забаронена ладзіць.