Гарадзенскі суд пакараў А. Пачобута штрафам у 525 000 рублёў (148 еўра) за актыўны ўдзел у кангрэсе не прызнанай уладамі польскай суполкі. Аб цікавостках працы падчас мерапрыемства журналіст піша ў сваім блогу. Акрамя таго, яму інкрымінуюць удзел у несанкцыянаванай дэманстрацыі, што адбывалася вакол будынку, дзе адбываўся сход.
“Гэты досыць лёгкі прысуд”, – сказаў А. Пачобут пасля працэсу, звязаўшы праяўленую судом адносную паблажлівасць з вялікай увагай да справы з боку СМІ, у тым ліку замежных.
Карэспандэнт “Газэты выборчай” і актывіст гарадзенскай польскай суполкі два тыдні таму страціў афіцыйную акрэдытацыю, якую быў атрымаў усяго чатыры месяцы таму. Міністэрства замежных спраў патлумачыла сваё рашэнне не разглядаць пытання аб аднаўленні акрэдытацыі “тэндэнцыйнасцю” артыкулаў і негатывам у дачыненні да кіраўніка дзяржавы.
Быў зачытаны нават канкрэтны спіс артыкулаў, якія выклікалі такое рашэнне.
А. Пачобут кідаць журналісцкую працу не збіраецца, нягледзячы на запалохванні і пераслед. У мінулым месяцы невядомыя сапсавалі дзверы гарадзенскай кватэры журналіста, пакінуўшы запіску з пагрозамі. Некалькімі днямі пазней на мабільныя тэлефоны чальцоў сям’і А. Пачобута, у тым ліку 8-гадовай дачкі, пачалі паступаць тэлефанаванні з роспытамі пра бацьку.
Пералічаныя падзеі журналіст звязвае найперш з дзейнасцю КДБ, якой ён у апошнія часы цікавіўся ў сваёй працы.
У абарону А.Пачобута выступіў амерыканскі Камітэт абароны журналістаў.