Як паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), начальнік мясцовага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталь Русілевіч адмовіўся даць інфармацыю “Газеце Слонімскай” датычна дзейнасці падначаленай яму ўстановы.  

Ён таксама папярэдзіў, што надалей ніхто з прадстаўнікоў аддзела не дасць ніводнаг­а каментару журналістам недзяржаўнага выдання.

“Калі нам спатрэбіцца што-небудзь надрукаваць у “Газеце Слонімскай”, мы дашлем вам інфармацыю”, — заявіў Віталь Русілевіч.

З чарговым фактам дыскрымінацыі з боку дзяржаўных уладаў слонімскія недзяржаўныя журналісты сутыкнуліся усяго праз некалькі тыдняў пасля пачатку “дыялогу”.

У пачатку лютага, падчас першай за шмат гадоў сустрэчы ўладаў за “круглым сталом” з незалежнымі СМІ, першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Пяткевіч прызнала факт “завышаных патрабаванняў” да журналістаў з боку службовых асобаў на месцах. Тым часам дзяржаўныя СМІ, прызнала яна, часам разглядаюцца чыноўнікамі як “камунальная ўласнасць”.

У той самы дзень Н. Пяткевіч паведаміла, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адмысловым указам абавязаў чыноўнікаў кантактаваць з журналістамі. Права атрымліваць інфармацыю аб дзейнасці дзяржорганаў гарантуецца і беларускім Законам аб СМІ.