Тэатралізаваную імпрэзу на плошчы Якуба Коласа ў Менску маладзёны арганізавалі пасля беспаспяховых спробаў атрымаць дазвол гарадскіх уладаў. Несанкцыянаваная акцыя пад сцягамі Беларусі і Еўразвязу, арганізаваная „Маладым фронтам“, распачалася мірна. Супрацоўнікі праваахоўных органаў неаднаразова заклікалі маладых людзей разысціся.

Паводле інтэрнэт-газеты “Наша ніва”, пасля таго, як удзельнікі акцыі паспрабавалі распачаць запланаванае шэсце па праспекце Незалежнасці і заспявалі “Магутны Божа”, іх пачалі адціскаць і збіваць байцы спецназу. Пацярпелі арганізатары акцыі Зміцер Дашкевіч і Мікалай Дземідзенка, а таксама іншыя ўдзельнікі і некаторыя журналісты. Акцыя гвалтоўна разагнаная.

“У Беларусі нічога не мяняецца. Ёсць толькі нейкія знешнія перамены для заходняга спажыўца,” – казаў пасля акцыі Зміцер Дашкевіч. Лідэр “Маладога фронту” мае намер скардзіцца на дзеянні міліцыянтаў у пракуратуру і гарвыканкам.