Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый
Мінск, 29 студзеня 2021 г.
21 студзеня 2021 г. супрацоўнікамі МУС у аэрапорце г. МІнска была затрыманая праваабаронца, валанцёрка ПЦ «Вясна» Таццяна Ласіца.
На дадзены момант яна з’яўляецца падазраванай па ўзбуджанай крымінальнай справе па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У дачыненні да яе абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай да прад’яўлення абвінавачвання і яна накіраваная ў СІЗА г. Гомеля.
Гэта не першы выпадак затрыманняў праваабаронцаў Гомельскага абласнога аддзялення ПЦ «Вясна» («Гомельскай Вясны»).
Так, 5 студзеня 2021 г. ў Грамадска-палітычным цэнтры на вул. Палесскай, 52, дзе знаходзіцца ў тым ліку і офіс “Гомельскай вясны”, прайшоў ператрус, які цягнуўся больш за 9,5 гадзін. Увесь гэты час у офісе знаходзіўся Леанід Судаленка. Пасля вобшуку яго даставілі ва УБАЗ. Таксама вобшук правялі ў яго доме. 18 студзеня Л. Судаленка быў зытрыманы і змешчаны пад варту, а 28 студзеня яму было прад’яўленае афіцыйнае абвінавачванне па ч.1 ч. 2 арт. 342 КК.
Таксама позна ў вечары 18 студзеня была затрыманая і змешчаная ў ІЧУ валанцёрка Гомельскага аддзялення ПЦ “Вясна” Марыя Тарасенка, у яе доме таксама быў праведзены ператрус. Яна была затрыманая ў якасці падазрванай па ч.1 арт. 342 КК на трое сутак і пазней вызваленая.
Дагэтуль у СІЗА знаходзіцца каардынатарка валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова, валанцёр ПЦ “Вясна” Андрэй Чапюк, а іншыя праваабаронцы падвяргаліся адміністрацыйнаму пераследу.
Цяперашні крымінальны пераслед правабаронцаў адбываецца на фоне беспрэцэдэнтна масавых палітычных рэпрэсій і глыбокага крызісу правоў чалавека ў Беларусі, ахвярамі якога ўжо сталі тысячы беларускіх грамадзян. Не сталі выключэннем і прадстаўнікі праваабрончай супольнасці краіны, якія таксама падвяргаюцца рэпрэсіям і ціску ў сувязі з ажыцяўленнем імі дзейнасці па абароне правоў чалавека.
У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, у чарговы раз адзначаем наступнае:
Згодна з арт. 1 Дэкларацыі аб праве і абавязках асобных асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (Прынятая Рэзалюцыяй 53/144 Генасамблі ААН ад 09.12.1998), кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыцяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнароным узроўнях.
Праваабарончая дзейасць з’яўляецца легітымнай грамадскай дзейнасцю, і пераслед за ажыцяўленне такой дзейнасці з’яўляецца абсалютна непрымальным, грубейшым парушэннем правоў чалавека з боку прадстаўнікоў афіцыйных уладаў.
Зыходзячы з гэтага, мы лічым пераслед Таццяны Ласіцы з боку ўладаў палітычна матываваным, скіраваным на спыненне яе публічнай і негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод, а яе саму палітычнай зняволенай, згодна з п. 3.1(b) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:
- Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад вартыправаабаронцы ПЦ “Вясна”Таццяны Ласіцы і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яе.
- Спынення пераследу і ціску ў дачыненні да ўсіх праваабаронцаў краіны, неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”.