Супольная заява праваабарончых арганізацый Беларусі
Мінск, 24.12.2020
У сувязі з інфармацыяй аб узяцці пад варту і прад’яўленні абвінавачванняў па ч. 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (“Масавыя беспарадкі”) Арцёму Міцуку, Аляксандру Драздову, Рыгору Гунько, Давіду Збаранскаму, Марку Антонаву, Ігару Рудчыку, а таксама па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (“Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак”) Уладзіславу Зяневічу, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:
Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.
Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.
Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.
Мы ацэньваем пераслед Арцёма Міцука, Аляксандра Драздова, Рыгора Гунько, Давіда Збаранскага, Марка Антонава, Ігара Рудчыка і Уладзіслава Зяневіча, якія былі абвінавачаныя па ч. 2 арт. 293 КК (“Масавыя беспарадкі”) і па ч. 1 арт. 342 КК (“Групавыя дзенянні, груба парушаючыя грамадскі парадак”), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.
У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Арцёма Міцука, Аляксандра Драздова, Рыгора Гунько, Давіда Збаранскага, Марка Антонава, Ігара Рудчыка і Уладзіслава Зяневіча і спыніць іх крымінальны пераслед.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Беларускі Дакументацыйны цэнтр;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.