Супольная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
Мінск, 17 снежня 2020 г.
Як нам стала вядома, 18 лістапада 2020 года УСК па г. Мінску Ціхану Клюкачу і Сафіі Малашэвіч было прад’яўлена абвінавачванне па ч.1 арт. 342 (арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асобаў). Абвінавачаныя былі ўзятыя пад варту і на дадзены момант утрымліваюцца ў Следчай турме ў Жодзіна.
Як вынікае з прад’яўленага абвінавачвання, 6 верасня 2020 г. яны рухалісь сумесна з іншымі неўстаноўленымі асобамі па пр. Пераможцаў у г. Мінску (у тым ліку па праезнай часцы праспекта) і “наўмысна прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак, якія выражалісь сумесна з іншымі ў парушэнні ўстаноўленага арт. 10 Закона Рэспублікі Беларусь 114-3 ад 30.12.1997 № “Аб масавых мерапрыемствах” парадка правядзення масавых мерапрыемстваў, публічным выкрыкванні лозунгаў, учыненні гучных плясканняў у далоні, масавым, працяглым, упартым і няспынным парушэннем грамадскага спакою і знаходжанні ў першых шэрагах масавага мерапрыемства”.
Таксама Ціхан і Сафія абвінавачваюцца ў тым, што “маючы ўмысел на пашкоджанне маёмасці, груба парушаючы грамадскі парадак і выражаючы яўную непавагу да грамадства, грэбуючы правіламі паводзінаў у грамадскіх месцах, дэманструючы здольнасці да бясчынства, з хуліганскіх памкненняў, выкарыстоўваючы балончык з фарбай , шляхам учынення розных надпісаў і малюнкаў фарбамі на паверхні шчытоў спецыяльных сродкаў загароджы, якая належыць вайсковай часцы 3620 Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, што былі ўстаноўленыя на выведча-дазорных машынах (БРДМ-2), пашкодзілі ўказаныя шчыты, прычыніўшы маёмасную шкоду. Такім чынам Ціхан і Сафія здзейснілі злачынства, прадугледжанае ч.2 арт. 339 КК (хуліганства).”
У сувязі з прад’яўленым абвінавачваннем мы ў чарговы раз адзначаем, што:
Свабода мірных сходаў гарантаваная як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека – арт. 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, у прыватнасці.
Згодна з арт. 21 МПГПП свабода мірных сходаў не можа падлягаць ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія ўстаноўленыя законам і з’ўлюяцца неабходнымі ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Як вынікае з прад’яўленага абвінавачвання адзінай віной Сафіі і Ціхана з’яўляецца тое, што яны прымалі ўдзел у несанкцыянаваным уладамі мірным сходзе, удзельнікі якога пратэставалі супраць вынікаў выбараў: выкрыквалі лозунгі, пляскалі ў далоні, рухаліся не толькі па ходніках, але і па праезнай частцы пр. Пераможцаў.
Такім чынам, яны не здзяйснялі ніякіх дзеянняў, якія б маглі быць расцэненыя ў кантэксце дапушчальных абмежаванняў свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання.
Варта адзначыць, што правядзенне дэманстрацый можа быць спалучана з пэўнымі часовымі перашкодамі для іншых грамадзян, аўтамабільнага і грамадскага транспарту. Выхад пратэстоўцаў на праезную частку не можа ўтвараць складу крымінальнага злачынства, паколькі вялікая колькасць дэманстрантаў фізычна не магла змясціцца на пешаходных ходніках, а самі вуліцы, праспекты, плошчы і бульвары, з’яўляючыся грамадскімі месцамі агульнага карыстання, у роўнай ступені могуць скарыстоўвацца як у мэтах гандлю, перасоўвання грамадскага транспарта, так і для правядзення публічных мірных сходаў грамадзян па грамадска-важных пытаннях і праблемах, у тым ліку для пратэстаў супраць дзеянняў і палітыкі кіраўніцтва краіны.
Што датычыцца ўчынення надпісаў і малюнкаў фарбай на шчытах агароджы, якія былі ўстаноўленыя на вайсковай тэхніцы Мінабароны, якой быў перагароджаны праспект, то гэтыя дзеянні нельга разглядаць як хуліганства, паколькі дадзеныя надпісы былі ўчыненыя ў адрас прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, утрымілівалі скрайне негатыўную ацэнку іх дзеянняў і з’яўляліся выказваннем меркавання.
Абмежаванне свабоды выказвання меркавання можа быць спалучана з пэўнымі абмежаваннямі, але яны сярод іншага павінны адпавядаць прынцыпам суразмернасці.
Акрамя таго, учыненне надпісаў фарбай на жалезых шчытах відавочна не магло прывесці да іх пашкоджанняў, а нанесеная шкода ад такіх дзеянняў насіла сімвалічны характар.
У сувязі з гэтым, мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Ціхана Клюкача і Сафіі Малашэвіч палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання, а саміх Ціхана Клюкача і Сафію Малашэвіч палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:
- Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Ціхана Клюкача і Сафіі Малашэвіч, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
- Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларускі Дакументацыйны цэнтр;
Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Х’юман Канстанта”;
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;
Ініцыятыўная група “Ідэнтычнасць і права”.