Заява беларускай праваабарончай супольнасці
Мінск, 13 кастрычніка 2020 г.
2 кастрычніка у г. Мінску супрацоўнікамі ГУБАЗіК быў затрыманы валанцёр ПЦ “Вясна” Андрэй Чапюк. Па месцы ягонага жыхарства адбыўся ператрус.
9 кастрычніка Андрэю было прад’яўлена абвінавачванне па ч.2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) і абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту ў СІЗА № 1 г. Мінска.
Трэба адзначыць, што на працягу ўсёй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і пасля выбараў сябры ПЦ “Вясна” сутыкаліся з ціскам і пераследам з боку дзеючай улады: крымінальным пераслед, адміністрацыйным арыштам і затрыманнямі, блакаваннем сайту арганізацыі.
31 жніўня 2020 г. супрацоўнікамі ГУБАЗіК быў затрыманы ў якасці падазраванага па ч.2 арт. 293 КК валанцёр ПЦ “Вясна” Павел Гарбуз.
Неўзабаве Павел Гарбуз быў вымушаны пакінуць Беларусь і падрабязна распавёў пра акалічнасці свайго затрымання і пра пагрозы ў адрас ПЦ “Вясна”, якія гучалі ад супрацоўнікаў ГУБАЗіК, якія казалі, што хутка арыштуюць усіх сябраў арганізацы і пакладуць канец яе дзейнасці.
17 верасня 2020 г. супрацоўнікамі ГУБАЗіК была затрыманая і ўзятая пад варту сяброўка ПЦ “Вясна” і каардынатарка валанцёскай службы “Вясны” Марфа Рабкова. 25 верасня ёй было прад’яўлена абвінавачванне па ч.3 арт. 293 КК. З тых часоў Марфа знаходзіцца ў СІЗА № 1 г. Мінска.
Уся іх дзейнасць насіла выключна мірны, праваабарончы характар і была скіраваная на дапамогу людзям, якія церпяць за свае палітычныя погляды і перакананні, за абарону сваіх правоў.
Андрэй Чапюк добраахвотна ахвяраваў свой вольны асабісты час на аказанне дапамогі ПЦ “Вясна” у ажыцяўленні праваабарончай дзейнасці, з’яўляецца чалавекам шчыра адданым ідэалам гуманізма і правоў чалавека.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, пратэстуем супраць непрыхаванага пераследу і ціску на сябраў ПЦ “Вясна” у сувязі з ажыцяўленнем імі легітымнай праваабарончай дзейнасці.
Нагадваем, што такая дзейнасць гарантаваная праваабаронцам Канстытуцый Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку Дэкларацыяй аб праваабаронцах, зацверджанай Генасамблеяй ААН 9 снежня 1998 г.
Пераслед Андрэя Чапюка у сувязі з яго легітымнай праваабарончай дзейнасцю расцэньваецца намі як працяг кампаніі па запалохванню і ціску на прадстаўнікоў ПЦ “Вясна” і ўсю праваабарончую супольнасць краіны ў цэлым.
На падставе гэтага, кіруючыся п. 3.1 b) Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем аб прызнанні Андрэя Чапюка палітычным зняволеным і патрабуем:
- Неадкладна вызваліць з-пад варты валанцёра ПЦ “Вясна” Андрэя Чапюка і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да яго;
- Спыніць усялякія спробы ціску і пераследу ў дачыненні да сябраў ПЦ “Вясна” і ўсіх беларускіх праваабаронцаў;
- Неўхільна выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы па забеспячэнні гарантый ажыцяўлення праваабарончай дзейнасці ў краіне.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;
Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;
Беларускі Дакументацыйны цэнтр;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права».