Мінск, 9 чэрвеня 2020 г.
29 мая 2020 года падчас правядзення пікету па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святланы Ціханоўскай, які адбываўся ў г. Гродна, супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер папулярнага YouTube канала “Страна для жизни” Сяргей Ціханоўскі і яшчэ, як мінімум 15 грамадзян, якія прымалі ўдзел у дадзеным пікеце.
8 чэрвеня сямі ўдзельнікам мерапрыемства – Сяргею Ціханоўскаму, Дзмітрыю Фурманаву, Вяргілію Ушаку, Аляксандру Арановічу, Васілю Баброўскаму, Арцему Сакаву ды Уладзіміру Навуміку было прад’яўленае абвінавачванне ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях (частка 1 артыкула 342 КК Рэспублікі Беларусь). Двое з затрыманых пераследуюцца за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.
Мы адзначаем, што парадак збору подпісаў сябрамі ініцыятыўных груп у падтрымку вылучэння кандыдатаў усталяваны арт.61 ВК: «Збор подпісаў выбаршчыкаў можа ажыццяўляцца ў форме пікетавання. Атрыманне дазволу на правядзенне пікетавання для ўказаных мэтаў не патрабуецца, калі яно праводзіцца ў месцах, не забароненых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі “. Паняцці пікетавання выбарчае заканадаўства не ўтрымлівае, такім чынам, яно вызначаецца ў адпаведнасці з Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”: пікетаванне – публічнае выказванне грамадзянінам ці групай грамадзян грамадска-палітычных, групавых, асабістых і іншых інтарэсаў або пратэсту (без шэсця), у тым ліку шляхам галадоўкі, па якіх-небудзь праблемах з выкарыстаннем ці без выкарыстання плакатаў, транспарантаў і іншых сродкаў. Да пікетавання прыраўноўваецца сумесная масавая прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным грамадскім месцы (у тым ліку пад адкрытым небам) у вызначаны час для здзяйснення загадзя вызначанага дзеяння, арганізаванае (у тым ліку праз глабальную кампутарную сетку Інтэрнэт або іншыя інфармацыйныя сеткі) для публічнага выказвання сваіх грамадска- палітычных інтарэсаў ці пратэсту.
Якіх-небудзь абмежаванняў па колькасці ўдзельнікаў, тэматыцы і форме выказвання меркавання выбарчае заканадаўства не ўтрымлівае. Артыкул 61 ВК і пастанова ЦВК № 14 “Аб тлумачэнні прымянення палажэнняў Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб парадку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь пры правядзенні выбараў у 2020 годзе” усталёўваюць дадатковыя патрабаванні і абмежаванні для пікетаў для збору подпісаў: пры зборы подпісаў выбаршчыкаў сябры ініцыятыўных груп мае права прадстаўляць грамадзянам для азнаямлення інфармацыйныя матэрыялы з біяграфічнымі дадзенымі асоб, у падтрымку якіх ажыццяўляецца збор подпісаў; названыя інфармацыйныя матэрыялы, а таксама іншыя друкаваныя матэрыялы выбаршчыкам не раздаюцца. Акрамя таго, ва ўмовах пандэміі члены ініцыятыўных груп пры зборы подпісаў павінны прытрымлівацца рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя па пытаннях прафілактыкі коронавирусной інфекцыі (ужыванне масак, апрацоўка рук і выкарыстоўванне антысептыкаў).
Іншыя абмежаванні пры правядзенні мірных пікетаў з’яўляюцца недапушчальнымі як з пункту гледжання нацыянальнага заканадаўства, так і ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі.
Такім чынам, пікет па збору подпісаў, які быў арганізаваны ініцыятыўнай групай у падтрымку вылучэння Святланы Ціханоўскай кандыдатам у Прэзідэнты адбываўся мірна, без парушэнняў грамадскага парадку, адпавядаў як патрабаванням нацыянальнага заканадаўства, так і стандартам мірных сходаў.
У адпаведнасці з артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, прызнаецца права на мірныя сходы. Згодна з артыкулам 19 Пакта, кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў. Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друку альбо мастацкіх формаў выказваньня, альбо іншымі спосабамі на свой выбар.
Карыстанне гэтымі правамі не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія накладаюцца ў адпаведнасці з законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў, свабодаў і рэпутацыі іншых асобаў. Падстаў для прымянення законных абмежаванняў гэтых правоў і свабод да ўдзельнікаў пікету не было.
Затрыманне ўдзельнікаў пікету адбылося пасля яўна незаконнага ўмяшальніцтва супрацоўнікаў міліцыі ў камунікацыю грамадзян з кіраўніком ініцыятыўнай групы С. Ціханоўскім.
Падзеі, якія папярэднічалі затрыманню – заявы дзеючага кіраўніка дзяржавы А. Лукашэнкі на адрас Ціханоўскага, спроба перашкодзіць і стварыць канфліктную сітуацыю на пікеце з боку некалькіх жанчын, незаконнае ўмяшальніцтва і затрыманне С. Ціханоўскага супрацоўнікамі міліцыі, дэманстратыўнае падзенне на зямлю міліцыянера і наступная рэакцыя на інцыдэнт дзяржаўных СМІ, дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага і ініыцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай магла быць здзейсненая правакацыя.
Аналіз відэазапісаў падзеяў і сведчанняў відавочцаў дазваляюць зрабіць высновы аб адсутнасці падставаў для затрымання С. Ціханоўскага, пералічаных ва КПК Рэспублікі Беларусь, што сведчыць аб адвольным і незаконным затрыманні С. Ціханоўскага, а таму да абвінавачвання ўдзельнікаў пікету ў прымяненні гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі ў сувязі з ажыццяўленнем імі законнай дзейнасці варта падыходзіць крытычна.
Усе пералічаныя вышэй факты дазваляюць зрабіць высновы, аб наяўнасці палітычнага матыву ў боку ўладаў у пераследзе членаў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, скіраваных на недабраахвотнае спыненне або змяненне іх публічнай дзейнасці, а таксама стварэнне перашкод для вылучэння Святланы Ціханоўскай у якасці кандыдата ў Прэзідэнты.
Згодна з п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, зацверджаным беларускай праваабарончай супольнасцю на ІІІ Праваабарончым форуме, пазбаўленне волі ў сувязі з негвалтоўным ажыцяўленнем свабодаў, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з’яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага вызвалення.
Гэта дазваляе нам заявіць, што крымінальны пераслед Сяргея Ціханоўскага, Дзмітрыя Фурманава, Вяргілія Ушака, Аляксандра Арановіча, Васіля Баброўскага, Арцема Сакава ды Уладзіміра Навуміка з’яўляецца палітычна матываваным, а самі пералічаныя асобы – палітычнымі зняволенымі.
У сувязі з гэтым, мы прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладнага вызвалення Сяргея Ціханоўскага, Дзмітрыя Фурманава, Вяргілія Ушака, Аляксандра Арановіча, Васіля Баброўскага, Арцема Сакава і Уладзіміра Навуміка і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх па артыкулу 342 КК;
- неадкладнага аб’ектыўнага незалежнага расследавання дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі і тых удзельнікаў пікету, якія парушылі закон і правы грамадзян, з забеспячэннем ім усіх крымінальна-працэсуальных гарантый.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;
ПУ «Беларускі дакументацыйны цэнтр»;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;
ППУ “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Простае таварыства “Ініцыятыва Forb”;
Ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права»;
ПУ «Беларускі дакументацыйны цэнтр»;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
Фота TUT.BY