Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь

Аляксандру Лукашэнку

Факс: (375 17) 226 06 10

 25 сакавіка 2010 г.

Арганізацыі Civil Rights Defenders (Швецыя), Беларускі Дом правоў чалавека (Літва), Фундацыя Дамоў правоў чалавека (Нарвегія) і Нарвежскі Хельсінкскі камітэт асуджаюць арышты актывістаў праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ірыны Тоўсцік, як чарговы прыклад грубага парушэння беларускімі ўладамі права на мірныя сходы і свабоду слова.

Тры актывісты “Вясны” былі арыштаваныя 23 сакавіка г.г. ў Мінску за правядзенне мірнай акцыі пратэсту супраць смяротнай кары і прывядзення ў выкананне двух нядаўна вынесеных смяротных прысудаў. 24 сакавіка арыштаваныя былі ў судовым парадку прызнаныя вінаватымі ў парушэнні Цывільнага кодэксу і пакараныя штрафамі.

Два смяротныя прысуды былі вынесеныя на фоне перамоваў аб увядзенні мараторыуму на смяротную кару, што адбываюцца паміж уладамі Беларусі і Радай Еўропы.

Свабода сходаў і думкі з’яўляецца фундаментальным правам, гарантаваным Канстытуцыяй Беларусі і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным Беларуссю 12 лістапада 1973 г. У Артыкуле 21 Пакта сцвярджаецца: “Прызнаецца права на мірныя сходы. Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія накладаюцца ў адпаведнасці з законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай або грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва або аховы правоў і свабодаў іншых асобаў”.

Нягледзячы на тое, што свабода сходаў прадугледжваецца і беларускім заканадаўствам, у шэрагу выпадкаў улады не далі дазволу на правядзенне мірных масавых мерапрыемстваў. Гэтая практыка не адпавядае патрабаванням Артыкула 21 Пакта і з’яўляецца парушэннем права на свабоду сходаў.

Заклікаем улады Беларусі бараніць і спрыяць рэалізацыі грамадзянскіх правоў і свабодаў, замацаваных у беларускім заканадаўстве і міжнародных дамовах, да якіх краіна далучылася.

Заклікаем пакласці канец пераследу праваабаронцаў на ўсіх узроўнях, уключаючы судовы.

З павагай,

Civil Rights Defenders

Нарвежскі Хельсінкскі камітэт

Фундацыя Дамоў правоў чалавека

Беларускі Дом правоў чалавека ў выгнанні (Вільня)