Рыгору Васілевічу

Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь

Вул. Інтэрнацыянальная, 22, 220050 Мінск, Беларусь

Факс: +375 17 226-42-52

E-mail: info@prokuratura.gov.by 

Анатолю Куляшову

Міністру ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь

220050 Гарадскі Вал, 2, Мінск, Беларусь

Факс: +375 17 222-73-06       

Шаноўныя сп. Куляшоў  і Васілевіч, 

Сябры Сеткі Дамоў  правоў чалавека занепакоеныя паведамленнямі аб ажыццяўленні выкраданняў маладзёвых актывістаў, якія адбываліся ў Беларусі апошнім часам. Відавочная сувязь паміж некалькімі падобнымі інцыдэнтамі, таксама тое, што супрацьпраўныя дзеянні супраць маладых людзей чыніліся не з мэтай вымагання грошай. Асаблівую трывогу выклікаюць падазрэнні ў задзейнічанні ў гэтых выкраданнях супрацоўнікаў міліцыі і КДБ.  

6 снежня 2009 г. чацвёра  асобаў у цывільным у Мінску  ўчынілі напад і выкралі Яўгена  Афнагеля, аднога з лідараў грамадзянскай  кампаніі “Еўрапейская Беларусь”.  Паведамляецца, што Я. Афнагель  быў сілком памешчаны ў аўтамабіль белага колеру з зацемненымі шыбамі і вывезены за горад. Са словаў актывіста, выкрадальнікі нічога яму не казалі, а толькі прымусілі сядзець, апусціўшы галаву да каленяў. У адлегласці некалькіх кіламетраў ад Мінска ён быў выпушчаны з машыны.  

Днём раней, 5 снежня, невядомыя ў цывільным на парогу ўласнай кватэры схапілі палітычнага актывіста Змітра Дашкевіча. У гэты дзень З. Дашкевіч мусіў удзельнічаць у прэзентацыі кааліцыі “Новае пакаленне” паміж “Маладым фронтам” і шэрагам іншых маладзёвых арганізацыяў. Змітра запхалі ў аўтамабіль, на твар нацягнулі дзве шапкі, каб нічога не бачыў, завезлі ў лес, дзе вывелі з машыны і працягнулі праз рукавы паліто кол, каб ён не мог пэўны час нармальна рухацца. Выкрадальнікі загадалі стаяць і лічыць да ста, а самі з’ехалі. З. Дашкевічу давялося самому выбірацца з лесу. Калі ён дайшоў да дарогі, то даведаўся, што знаходзіцца ў вёсцы Антонаўка за 70 км ад Мінска.  

Паводле нашых звестак, цягам года адбыўся цэлы шэраг  падобных інцыдэнтаў, у ходзе якіх ахвярамі выкраданняў сталіся шэсць лідараў і актывістаў маладзёвых арганізацыяў ды ініцыятыў: Артур Фінькевіч, Настасся Палажанка, Дзяніс Карноў, Уладзімір Лемеш, Зміцер Дашкевіч і Яўген Афнагель. Звесткі, якія паступаюць да нас ад беларускіх праваабаронцаў, СМІ і саміх асобаў, якія зазналі выкраданні, даюць нам падставы меркаваць, што гэтыя напады наўпрост звязаныя з грамадзянска-палітычнай пазіцыяй пацярпелых і накіраваныя на іх запалохванне. У справе названых інцыдэнтаў не было распачатае следства, не зважаючы на факт, што выкраданне і незаконнае пазбаўленне волі з’яўляюцца злачынствам паводле, адпаведна, артыкулаў 182 і 183 КК РБ. 

Пералічаныя інцыдэнты, на наш погляд, з’яўляюцца новым  інструментам запалохвання актывістаў, якія арганізавана і адкрыта становяцца ў апазіцыю да цяперашніх беларускіх уладаў. Ціск на іх – гэта парушэнне  свабоды слова, права на свабоду  сходаў і аб’яднанняў, гарантаваных артыкуламі, адпаведна, 19, 21 і 22 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь 12 лістапада 1973 г. Хочам таксама нагадаць Ураду Беларусі, што артыкул 9 Пакту кожнаму чалавеку гарантуе права на асабістую свабоду і бяспеку.  

Дэкларацыя ААН аб абароне ўсіх асобаў ад гвалтоўнага знікнення змяшчае права на абарону ад выкраданняў – як бачым, не рэалізаванае ў Беларусі, а таксама абавязак дзяржавы праводзіць следства па факце супрацьпраўных дзеянняў. Хаця адпаведную Канвенцыю ААН Беларусь не ратыфікавала, тым не менш, просім Урад Беларусі звярнуць увагу на цяжкі характар парушэнняў правоў, якія ахоўваюцца Канвенцыяй.  

Заклікаем Вас дзейсна  абараніць выкананне законаў  і міжнародных абавязанняў Беларусі шляхам правядзення старанага даследавання па фактах выкрадання і прыцягнення вінаватых да адказнасці. Таксама заклікаем прыняць усе неабходныя захады да перадухілення гвалтоўных знікненняў у Беларусі, у першую чаргу – шляхам падпісання Урадам РБ Міжнароднай канвенцыі аб абароне ўсіх асобаў ад гвалтоўнага знікнення і звароту да Парламенту па яе ратыфікацыю.  
 
З павагай, 
 
Беларускі Дом правоў чалавека, Вільня

Нарвежскі Дом правоў чалавека, Осла

      (арганізацыі:  Фундацыя Дамоў правоў чалавека

      Нарвежскі Хельсінкскі камітэт)

Дом правоў чалавека, Берген:

      Фундацыя  імя Рафта

Дом правоў чалавека, Сараева:

     Асацыяцыя жанчын-грамадзянак “Renaissance”

     Фундацыя  CURE

     Хельсінкскі камітэт па правах чалавека ў Босніі і Герцагавіне

     Рэгіянальны каардынатар па маладзёвых групах

     Сербская  грамадзянская рада – Рух за роўнасць

     Цэнтр “Жанчына і грамадства”

Дом правоў чалавека, Азербайджан:

     Жаночая асацыяцыя рацыянальнага развіцця (WARD)

     Азербайджанская асацыяцыя адвакатаў

Украінскі Хельсінкскі  звяз

Цэнтр па правах чалавека, Грузія 
 
Копіі перасылаюцца ў:

Бюро Высокага Камісара ААН па правах чалавека

Камітэт ААН па гвалтоўных знікненнях

Генеральны Дырэктарат па правах чалавека і юрыдычных справах  Рады Еўропы, Страсбург

Офіс АБСЕ/БДІПЧ, Варшава

МЗС Нарвегіі

Пастаянны камітэт  па замежных справах Парламенту Нарвегіі

Працоўную групу  ААН па гвалтоўных або нядобраахвотных  знікненнях

Спецыяльнаму дакладчыку ААН па становішчы праваабаронцаў

Спецыяльнаму дакладчыку ААН па катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных і прыніжаючых  годнасць відах абыходжання