У скарзе, зарэгістраванай у КПЧ ААН за №3002/2017 актывіст распавядае, як разам з іншымі (каля трох тысяч чалавек) прыняў удзел у несанкцыянаваным уладамі вулічным шэсці і мітынгу, якія прайшлі ад плошчы Паўстання і па вуліцы Савецкай у Гомелі. “Падчас мірнага сходу, – адзначае ён, удзельнікі пратэставалі супраць прэзыдэнцкага дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, пасля чаго разышліся без якіх – небудзь здарэнняў”.
“Ні ў кога няма сумневаў, што пратэстная акцыя прайшла мірна. Тым не менш, мяне, роўна як і іншых актыўных удзельнікаў, выклікалі ў міліцыю, дзе абвінавацілі ў парушэнні ўсталяванага парадку правядзення масавага мерапрыемства. 12-ці сутачны адміністратыўны арышт я адбываў у ІЧУ з 17-га па 27-е сакавіка. У адпаведнасці з унутранай працэдурай мы запытвалі ў мясцовай улады папярэдні за 15 дзён дазвол на правядзенне акцыі, аднак атрымалі адмову», – падзяліўся вытрымкамі са сваёй скаргі Уладзімір Кацора.
Праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае грамадзянам адстойваць правы на міжнародным узроўні, падкрэсліў, што за вясновыя акцыі пратэстаў гомельскія актывісты адсядзелі ў ІЧУ больш за 60 сутак, вымушаныя выплачваць буйныя адміністрацыйныя штрафы. Практычна ўсе яны скарысталіся правам на падачу індывідуальных скаргаў у КПЧ ААН.
Нагадаем, 17 сакавіка суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Аксана Осіпава адправіла Уладзіміра Кацору за краты на 12 сутак. На думку суддзі, мітынг і вулічнае шэсце, якія мелі месца 19 лютага ў Гомелі, з’яўляліся незаконнымі. Да аналагічных высноў па выніку разгляду касацыйнай скаргі прыйшоў і абласны суддзя Алег Харошка, фактычна пакінуўшы без разгляду прэтэнзіі арыштанта аб парушэнні яго правоў на выказванне меркавання і мірны сход.
Артыкулы па тэме