У справе стваральніка сайта www.1863x.com Эдуарда Пальчыса, вядомага пад нікам Джон Сільвер, пакуль вельмі мала інфармацыі. Сваякі не надта хочуць ісці на кантакт з прэсай і раскрываць нейкія падрабязнасці, следчыя органы абмяжоўваюцца рэдкімі сухімі паведамленнямі. Некаторыя палітыкі і грамадскія актывісты адразу ж палічылі гэтую справу палітычнай, зыходзячы з таго, што Эдуард – патрыёт Беларусі і ў сваіх тэкстах абараняў незалежнасць краіны. Аднак праваабаронцы не спяшаюцца даваць справе адназначную ацэнку, спасылаючыся на тое, што пакуль занадта мала інфармацыі. У той жа час на нядопуск адваката да затрыманага яны адрэагавалі хутка.
14 чэрвеня праваабарончы цэнтр «Вясна» зрабіў заяву аб тым, што да Пальчыса не дапускаюць адваката, і запатрабаваў забяспечыць працэсуальныя гарантыі і правы затрыманага блогера. Верагодна, такая завява спрыяла таму, што 15 чэрвеня абаронцу ўсё ж дазволілі сустрэцца з Пальчысам.
Прадстаўнік ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які сочыць за справай блогера адзначыў, што права на абарону гарантавана ўсім беларускім грамадзянам артыкулам 62 Канстытуцыі і нормамі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.
«Грамадзянін мае права на абарону з моманту затрымання, – падкрэсліў Стэфановіч. – Гэта азначае, у прыватнасці, магчымасць бесперашкодных і канфідэнцыйных сустрэч з адвакатам, не абмежаваных па частаце і працягласці. Права на абарону – адна з асноўных працэсуальных гарантый».
Стэфановіч падкрэсліў: па словах адваката, яна доўга не магла атрымаць дазволу на сустрэчу з Пальчысам, што парушае правы затрыманага.
«Менавіта таму мы выступілі з адпаведнай заявай, бо на практыцы не ў першы раз сутыкаемся з падобнымі парушэннямі», – сказаў праваабаронца.
Але ужо 16 чэрвеня з’явілася інфармацыя, што Пальчыс адмовіўся ад паслуг адваката Ганны Бахціной і папрасіў даць яму дзяржаўнага адваката.
Адна з фігурантак справы аб масавых беспарадках на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года журналістка Ірына Халіп напісала ў «Фэйсбуку», што ў свой час таксама вымушана была адмовіцца ад паслуг адваката, бо ёй пагражалі, што калі яна гэтага не зробіць, адвакат будзе пазбаўлены ліцэнзіі. Яна не выключыла, што сітуацыя магла паўтарыцца і з Пальчысам.
Пры гэтым праваабаронцы не выключаюць палітычны матыў пераследу блогера.
«Але для таго, каб зрабіць высновы, нам неабходна правесці аналіз тых тэкстаў, якія, на думку следства, распальваюць варожасць, і атрымаць інфармацыю адносна публікацыі парнаграфіі на гэтым сайце, – сказаў Стэфановіч. – Мы дапускаем, што экспертыза магла зрабіць высновы аб распальванні варожасці па той ці іншай прыкмеце неабгрунтавана».
Стэфановіч кажа, што важнай была б праверка гэтых матэрыялаў экспертамі, напрыклад, з Беларускай асацыяцыі журналістаў.
«Толькі пасля гэтага можна будзе рабіць высновы аб характары пераследу Пальчыса з боку дзяржавы – пераслед за выказанае меркаванне ці ўсё ж за распальванне варожасці (мова нянавісці), – адзначае праваабаронца. – Злачынствы на глебе нянавісці павiнны спыняцца дзяржавай».
У канцы траўня Эдуарда Пальчыса, які быў затрыманы ў Расіі, экстрадзіравалі ў Беларусь. Раней у нашай краіне ў дачыненні да яго па факце размяшчэння публікацый на сайце 1863x.com была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса. Матэрыялы, да якіх у праваахоўных органаў ёсць прэтэнзіі, з сайта даўно выдаленыя.
Артыкулы па тэме