Каля 35 чалавек сабралася ў цэнтры Мінска,каб праехаць па горадзе на роварах і заявіць пра правы раварыстаў на дарозе. Таксама на месцы збора былі заўважаны 10 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, чатыры АМАПаўцы. За падзеямі сачыў назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага камітэту Кірыл Кажэнаў, які ехаў па ходніках у канцы калоны.

 Каля стэлы канец калоны раварыстаў падрэзаў бардовы мікрааўтобус, адтуль выскачылі супрацоўнікі АМАПу, якія затрымалі шэсць чалавек, у тым ліку і назіральніка БХК. Маладых людзей закінулі ў аўтобус тварам у падлогу, наносілі ім удары ў жывот і па тварах. Зверху на затрыманых закінулі ровары і адвезлі ў Цэнтральны РУУС.

“Такога ніколі не было дагэтуль. Самае жорсткае прэсаванне было перад выбарамі: пару ДАІшнікаў, мікрааўтобус з АМАПам. А сёння проста жэсць нейкая, паляванне!” – распавёў адзін з удзельнікаў велапрабега.

Назіральнікі, якія прысутнічаюць каля РУУС, бачылі праз вакно, як хлопцаў па чарзе падводзілі да стала і давалі распісацца ў паперах. Потым усіх затрыманых паставілі тварам да сцяны, а ў гэты час да будынка пад’ехаў бардовы мікрааўтобус, у якім прывезлі хлопцаў.

Каля 23.30 аднаго з хлопцаў адпусцілі. Ён паведаміў, што затрыманымі застаюцца яшчэ 5 чалавек, усіх прымушалі падпісаць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Двое хлопецаў адмовіліся гэта рабіць, у іх забралі асабістыя рэчы, у тым ліку шнуркі.

30 красавіка ў гэтых веласіпедыстаў прайшлі вобшукі. Станіслава Канавалава  прывялі дадому ў кайданках супрацоўнікі міліцыі. Пры суседзях, якія былі панятымі, правялі вобшук: шукалі флэш-назапашвальнікі і іншыя носьбіты інфармацыі. У выніку забралі жорсткі дыск камп’ютара, пасля чаго з’ехалі разам з затрыманым. Аналагічныя падзеі адбыліся і з іншым затрыманым — Дзмітрыем Паліенкам.

У Мінскай міліцыі свая версія сітуацыі з «крытычнай масай»

ГУУС Мінгарвыканкама апублікавала ў сацыяльных сетках сваю версію інцыдэнту з групай веласіпедыстаў:
“У раёне стэлы «Мінск — горад-герой» група веласіпедыстаў, груба парушаючы патрабаванні Правіл дарожнага руху, выехала на праезную частку. На неаднаразовыя патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ (апошнія вымушаны былі выкарыстоўваць гукаўзмацняльную апаратуру і пробліскавыя маячкі) не рэагавалі. Пры спробе спыніць супрацьпраўныя дзеянні і вярнуць іх на тратуар, парушальнікі правапарадку аказалі непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. А адзін з удзельнікаў кінуўся ў бойку з супрацоўнікам ДАІ, пашкодзіўшы яму форменнае абмундзіраванне.Шасцёра завадатараў бойкі былі затрыманыя і дастаўлены ў Цэнтральнае РУУС г.Мінска для разбору”. Іх дзеянням даецца прававая ацэнка». Разам з тэкстам была апублікаваная фатаграфія падранай курткі супрацоўніка ДПС.

***

У дачыненні да раварыстаў узбуджана крымінальная справа па арт. 364 Крымінальнага кодэксу – “Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў”, ім пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да 6 гадоў.

Артыкулы па тэме

Беларускае правасуддзе супраць ААН. Чыя возьме?

Парламенцкія выбары ў Беларусі ў 2016: што гэта будзе?

Заява Спецыяльнага дакладчыка ААН аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаша Харасці