Пастанову аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці ад 21 снежня 2015 года і пастанову аб накладанні арышту на 18/100 долі кватэры ад 4 студзеня 2016 года, вынесеныя загадчыкам сектара №2 аддзела прымусовага выканання Міхаілам Гастэлам, Алесь Бяляцкі абскардзіў на імя начальніка аддзела.
Разгледзеўшы скаргу, Людміла Кабычкіна 25 студзеня пастанавіла, што “адпалі падставы для задавальнення ці адмовы ў задавальненні патрабаванняў, якія ўтрымліваліся ў скарзе Бяляцкага А.В.”
У першай частцы пастановы Людміла Кабычкіна тлумачыць, якім чынам “адпалі падставы”. З гэтага тлумачэння вынікае, што суд Першамайскага раёна горада Мінска (гэты суд 24 лістапада 2011 года асудзіў Алеся Бяляцкага да пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці), адклікаў вынесены ім выканаўчы ліст з аддзела прымусовага выканання Партызанскага раёна горада Мінска ў сувязі з “памылковым накіраваннем дадзенага выканаўчага ліста”. На падставе гэтага, аддзел прымусовага выканання Партызанскага раёна адклікаў пастанову аб накладанні арышту на маёмасць Алеся Бяляцкага і 22 студзеня вынес пастанову пра завяршэнне выканаўчай вытворчасці.
Такім чынам, арышт з 18/100 долі кватэры, у якой Алесь Бяляцкі пражывае з сям’ёй, зняты.
Нагадаем, што, згодна з прысудам суда Першамайскага раёна г. Мінска, 24 лістапада 2011 года старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі быў асуджаны да 4 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, якая належала яму на праве ўласнасці – у тым ліку кватэры, у якой знаходзіўся офіс Праваабарончага цэнтру “Вясна”. У выніку абскарджанняў рашэнняў аб канфіскаванай маёмасці, паводле рашэння суда Партызанскага раёна г. Мінска ад 4 ліпеня 2012 года, доля ў кватэры, дзе праваабаронца пражываў з сям’ёй, была вызваленая з-пад арышту.
Артыкулы па тэме