У канцы кастрычніка сацыяльных сетках стартавала акцыя ў падтрымку гомельскіх праваабаронцаў Леаніда Судаленкі і Васіля Палякова, у дачыненні да якіх памежным і мытным ведамствам рэгулярна праводзяцца адвольныя і нічым не матываваныя дадатковыя праверкі і паглыблены кантроль пры перасячэнні беларускай мяжы. Праваабаронцаў шматкроць пільна даглядалі на мяжы, забіралі для пошукаў «экстрэмізму» ноўтбукі і розныя носьбіты інфармацыі, здымалі з цягнікоў і чынілі іншыя нязручнасці пры вяртанні на Радзіму з-за мяжы. Падпісанты звароту прасілі спыніць гэтае бязмежжа.
«Частата дадзеных праверак паказвае на сістэмнасць дзеянняў мытнікаў і памежнікаў у дачыненні да праваабаронцаў, якія, апроч іншага, ні разу не прыцягваліся да адказнасці ні за парушэнні парадку перасячэння дзяржаўнай мяжы, ні за парушэнні парадку мытнага афармлення перамяшчаюцца праз мяжу рэчаў. Узнікае пытанне, наколькі абгрунтавана ўжываць падобныя меры да грамадзян Беларусі, якія не парушаюць заканадаўства краіны», – гаворыцца ў звароце.
10 лістапада старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта (ДПК) Сяргей Мальцаў на афіцыйным сайце ДПК даў адказ на звароты грамадзян у межах кампаніі «Спыні бязмежжа на мяжы — падтрымай праваабаронцаў!» і пералічыў нормы заканадаўства, якімі кіруюцца памежнікі. Дзеянні ж праваабаронцаў Сяргей Мальцаў ахарактарызаваў так: «Спробы палітызаваць дагляды ў рамках пагранічнага або мытнага кантролю, звязаць іх правядзенне са спецыфікай прафесійнай або грамадскай дзейнасці асобных катэгорый грамадзян у большай ступені ўяўляюцца формамі аказання ціску на службовых асоб у пунктах пропуску і імкнення прысвоіць выдуманае права імунітэту без усялякіх на тое юрыдычных падстаў».
Старшыня памежнага камітэта запэўніў грамадзян, што заканадаўства не абмяжоўвае перыядычнасць і частату правядзення даглядаў. Дагляд прадугледжвае пэўныя нязручнасці, але ён прымяняецца на ўсіх межах свету. «Пры пропуску праз мяжу яго праходзяць сотні тысяч беларускіх і замежных грамадзян, і яны гэта ўспрымаюць як стандартную частку працэсу перасячэння мяжы», – напісаў у адказе кіраўнік ДПК. Сяргей Мальцаў адзначыў, што атрыманыя ў працэсе дзейнасці органаў памежнай службы звесткі пра асабістае жыццё грамадзян, якія закранаюць іх гонар, годнасць ці дзелавую рэпутацыю альбо здольныя нанесці шкоду іх законным інтарэсам, не могуць быць перададзены органамі памежнай службы каму б там ні было без згоды гэтых грамадзян. «Менавіта адсутнасць у зваротах пацверджання законных паўнамоцтваў не дазваляе ДПК перадаць заяўнікам, як трэцім асобам, інфармацыю пра абставіны ажыццяўлення пагранічнага кантролю ў дачыненні да Судаленка і Палякова», – гаворыцца ў адказе ДПК. Падобны адказ атрыманы і ад Мытнага камітэту. «Мытныя органы не маюць права выдаваць, выкарыстоўваць у асабістых мэтах альбо перадаваць трэцім асобам інфармацыю, якая складае дзяржаўную, камерцыйную, банкаўскую, падатковую або iншую ахоўную законам тайну (сакрэты), і іншую канфідэнцыйную інфармацыю. У дадзеным выпадку Вамі не прадастаўлена дакументаў і звестак, якія сведчаць аб парушэнні мытнымі органамі Вашых правоў або законных інтарэсаў, альбо незаконна накладаюцца на Вас якія-небудзь абавязкі», – адказаў грамадзянам, якія падпісалі зварот, Дзяржаўны мытны камітэт.
Артыкулы па тэме