Міжнародны дзень салідарнасці з грамадскай супольнасцю Беларусі сёлета адзначаўся ўжо ў чацверты раз у дзесятках краін свету. Дата 4 жніўня была абраная не выпадкова – менавіта 4 жніўня ў 2011 годзе ў Мінску быў арыштаваны вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Нягледзячы на тое, што Алесь Бяляцкі быў датэрмінова вызвалены ў 2014 годзе, ціск на праваабаронцаў і актывістаў не спыніўся. Як мінімум 6 палітвязняў застаецца за кратамі ў Беларусі, а ў сувязі з надыходзячымі прэзідэнцікімі выбарамі, ёсць верагоднасць актывізацыі пераследу і новай хвалі рэпрэсій.
На Ратушнай плошчы сабраліся беларускія і літоўскія праваабаронцы, грамадскія і палітычныя актывісты, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Літве ды выпадковыя мінакі. Усе жадаючыя маглі зрабіць фотаздымкі з плакатамі на знак салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі ці падпісаць паштоўкі беларускім палітвязням.
Важна адзначыць, што ў мерапрыемстве прыняў удзел Дэпутат Лінас Бальсіс (на фота) , адзін з літоўскіх палітыкаў-апекуноў над беларускімі палітвязнямі. Спадар Бальсіс з’явіўся ў адмысловай футболцы з фотаздымкам свайго падшэфнага – Мікалая Дзядка.
***
На сённяшні дзень 6 беларусаў незаконна пазбаўленыя волі за свае палітычныя перакананні. З 1996 года наяўнасць палітычных зняволеных у Беларусі стала пастаяннай з’явай. Рознага кшталту ціску і рэпрэсіям было падвергнута некалькі тысяч чалавек. 4 чалавекі – былыя палітычныя апаненты прэзідэнта – зніклі, пры гэтым дагэтуль ніводная са справаў не атрымала адпаведнага расследавання.
У папярэднія гады мерапрыемствы ў межах акцыі праходзілі ў некалькіх дзесятках краін свету. Як адзначаюць арганізатары, год ад году колькасць удзельнікаў значна павялічваецца.
Артыкулы па тэме