На суд да Мікалая Статкевіча хацелі патрапіць старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, юрыст Павел Сапелка, прадстаўнік Еўрапейскага саюзу ў Беларусі, журналісты, аднак  супрацоўнік Шклоўскай папраўчай калоніі ў чыне маёра паведаміў, што працэс будзе закрыты, і папрасіў усіх адыйсці ад будынку калоніі далей.

“Пенітэнцыярнае правасуддзе ва ўсёй красе. А ў Мінску ў гасцях мiнiстр замежных спраў Аўстрыi i нямецкiя дэпутаты, сацыял-дэмакраты, дарэчы.. I пра што яны будуць размаўляць з уладамi…», — напісаў Бяляцкі ў сваім Facebook.

Суддзя прызнала Мікалая Статкевіча вінаватым у парушэнні правілаў унутранага распарадку калоніі, задаволіла хадайніцтва Шклоўскай калёніі № 17  і прыняла рашэнне накіраваць палітвязня да сканчэння тэрміну зняволення ў “крытую” турму, а гэта 1 год, 7 месяцаў і 15 дзён.

Мікола Статкевіч вырак сустрэў спакойна, паколькі ён не стаў для яго нечаканасцю і заявіў, што прашэнне аб памілаванні на імя Прэзідэнта Беларусі пісаць не будзе.

Што вядома пра доказы выстаўленых Статкевічу абвінавачанняў?

Напярэдадні суда адвакат пазнаёміўся з крымінальнай справай, заведзенай па Мікалая Статкевіча. Асабістая справа палітвязня складаецца з 5 тамоў.

 «Справа складаецца з прадстаўлення на яго аб замене ўтрымання ў калоніі на турэмны рэжым плюс рапарты аб парушэннях, якія нібыта ён дапусціў. Першы рапарт, што ён як прыехаў, быў апрануты неадпаведна патрабаванням, і з-за гэтага ўзнікла спрэчная сітуацыя. Потым яго запрасілі піць чай, і ён затрымаўся на 5 хвілін пасля адбою, і гэта таксама палічылі за парушэнне, хоць зразумела, што сітуацыю стварылі невыпадкова.

А далей усе парушэнні звязаныя з тым, што яго нагружалі вялікімі аб’ёмамі працы па прыбіранні тэрыторыі. Паводле закону могуць прымусіць гэтым займацца не больш як 2 гадзіны на тыдзень, а яго нагружалі па 42–45 гадзінаў — такая была пабудаваная схема. З размоваў з іншымі вязнямі выявілася, што гэта рабілася адмыслова супраць Статкевіча. Ён гэта палічыў парушэннем закону і звяртаўся да адміністрацыі з гэтай нагоды, але да яго не прыслухаліся, і тады ён адмовіўся ад працы. А паколькі ён адмовіўся працаваць, дык на яго сталі складаць пратаколы штодня. Такіх актаў набралася больш за 5–6, і гэта стала падставай да накіравання на яго прадстаўлення аб турэмным рэжыме. То бок, без высвятлення прычын адмовы Статкевіча ад працы яго сталі караць. Пазбавілі кароткатэрміновых, доўгатэрміновых спатканняў, перадач, сталі выносіць вымовы. Вось якая была схема».

***

Мікалай Статкевіч — адзіны з былых кандыдатаў у прэзідэнты, які ўтрымліваецца  дагэтуль у турме пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 году. Суд прызнаў апазіцыйнага палітыка вінаватым у арганізацыі вулічных беспарадкаў і асудзіў на 6 гадоў зняволення. Мікалай Стактевіч не прызнаў сябе вінаватым і адмовіўся падаваць на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні. Мікалай Статкевіч адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі, затым рашэннем суду ад 12 студзеня 2012 г. умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія,  яго перавялі з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 г. Магілёва. 12 студзеня 2015 года быў этапаваны для далейшага адбыцця пакарання ў Шклоўскую папраўчую калонію №17.

Падтрымаць палітвязня можна напісаўшы ліст на наступны адрас: 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, СТ-4, каранцін.

Documents: