Кніга Алеся Бяляцкага «Асвечаныя Беларушчынай», прысвечаная постацям і творам беларускай літаратуры, нядаўна была надрукаваная ў Вільні. 40 асобнікаў выдання былі канфіскаваныя ў праваабаронцы Таццяны Рэвяка на беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску “Каменны Лог” 3 ліпеня бягучага года. 

Заключэнне экспертнай камісіі ад 3 верасня 2013 года Таццяна Рэвяка атрымала па пошце 5 верасня. Гэтаму папярэднічалі два месяцы перапіскі праваабаронцы з мытнымі органамі.

Падчас перапіскі з мытнікамі, у якой высвятлялася хто і як будзе праводзіць экспертызу, праваабаронца Тацяна Рэвяка атрымала ліст з Ашмянскай мытні, дзе прапаноўвалася “ажыццявіць вяртанне тавару (40 асобнікаў кнігі “Асьвечаныя беларушчынай”, выдадзенай у г. Вільня) на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі”. Разам з тым прапаноўвалася “альтэрнатыва” – “сплаціць мытную пошліну”. У дакуменце ўказана, што такое рашэнне мытнікамі было прынятае з улікам частаты перасячэння Таццянай Рэвяка мяжы, а таксама “характару і колькасці перамяшчаемых тавараў”.

Не пагадзіўшыся з вызначэннем “тавар” (што разумее пад сабой камерцыйную аснову) у дачыненні да кнігі Алеся Бяляцкага, Таццяна Рэвяка накіравала ў Ашмянскую мытню яшчэ адно хадайніцтва, у якім прывяла аргументы на карысць таго, што гэтае выданне не прызначанае для выкарыстання з прадпрымальніцкімі мэтамі. “Сорак асобнікаў гэтай кнігі … неабходныя для мяне, маёй сям’і, маіх сяброў, для бясплатнай перадачы ў бібліятэкі. Дадзеная кніга ўвогуле не прызначана для продажу, паколькі выдадзена на добраахвотныя ахвяраванні. Аўтарам кнігі “Асьвечаныя Беларушчынай” з’яўляецца А.В. Бяляцкі, мой даўні знаёмы, пад кіраўніцтвам якога я працавала, з якім у цяперашні час працую ў адной арганізацыі. На карысць маіх довадаў сведчыць тыраж, мастацка-публіцыстычны стыль выдання, а таксама адсутнасць у мяне рэгістрацыі ў якасці суб’екта прадпрымальніцкай дзейнасці…” Наконт аргументу мытнікаў пра частату перасячэння ёй мяжы Таццяна Рэвяка патлумачыла: “я з’яўляюся прэзідэнтам літоўскай некамерцыйнай арганізацыі і робіць адносна рэгулярныя паездкі з мэтай выканнання сваіх службовых абавязкаў. Тавар, які мог бы ўяўляць хоць нейкі інтарэс для камерцыйнага выкарыстання, падчас гэтых паездак я не перавожу”.

Эксперты шукалі экстрэмізм, але знайшлі шкоду для іміджу Беларусі

З даведкі экспертнай камісіі вынікае, што “эксперты” ў кнізе Алеся Бяляцкага шукалі “экстрэмізм”, а паколькі нічога не знайшлі, то вырашылі наводмаш прыйсці да высновы, што “дадзеная друкаваная прадукцыя можа нанесці ўрон іміджу Рэспублікі Беларусь”.

У праваабаронцаў паўстала шмат пытанняў наконт гэтай “экспертызы”, і гэтыя пытанні Таццяна Рэвяка ставіць у скарзе ў Дзяржаўны мытны камітэт. Да таго ж экспертыза, паводле праваабаронцаў, праведзеная з парушэннямі. Усе пункты гэтых парушэнняў пералічаюцца ў скарзе:

1) У заключэнні не пазначана месца правядзення мытнай экспертызы.

 2) У якасці падставы для правядзення мытнай экспертызы ўказаны нейкі ліст Ашмянскай мытні, а не рашэнне аб прызначэнні мытнай экспертызы інспектара мытні.

 3) Названыя асобы не з’яўляліся экспертамі, паколькі ў такой якасці не былі прызначаныя мытняй.

 4) У заключэнні адсутнічае пазнака, засведчаная подпісам мытнага эксперта (эксперта), пра тое, што ён папярэджаны аб адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці за дачу заведама фальшывага заключэння мытнага эксперта (эксперта) пры правядзенні мытнай экспертызы.

 5) Пытанні, пастаўленыя перад мытным экспертам (экспертам), перафармуляваныя самастойна «камісіяй» без тлумачэння прычын для гэтага.

 6) Пералік дакументаў, матэрыялаў, пробаў і ўзораў, прадстаўленых мытнаму эксперту (эксперту) для правядзення мытнай экспертызы абмежаваны толькі кнігай, без указання на тое, што экспертам таксама прадастаўлены нейкі ліст ДМК аб «акалічнасцях справы».

 7) У заключэнні не пазначаны змест і вынікі даследаванняў з указаннем прымененых метадаў, не дадзена ацэнка вынікаў даследаванняў, няма пэўных высноваў па пастаўленых пытаннях і іх абгрунтавання.

 8) Да заключэння не прыкладзены матэрыялы і дакументы, якія ілюструюць заключэнне мытнага эксперта (эксперта).

 9) Высновы ў заключэнні мытнага эксперта (эксперта) выкладаюцца не ў выглядзе адказаў на пастаўленыя пытанні, пры гэтым паслядоўнасць адказаў не адпавядае паслядоўнасці пастаўленых пытанняў.

 На падставе выкладзенага Таццяна Рэвяка просіць старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэта правесці праверку, прызнаць дзеянні Ашмянскай мытні і яго службовых асобаў неправамернымі і вызначыць меры, якія павінны быць прыняты з мэтай ліквідацыі дапушчаных парушэнняў.

 Асобную цікавасць выклікае ліст пра “акалічнасці справы”, згаданы “экспертнай камісіяй”. Таццяна Рэвяка просіць запатрабаваць з Ашмянскай мытні і даслаць ёй копію гэтага ліста, нейкім чынам паўплываўшага на лёс кнігі аўтара-палітвязня.

Артыкулы па тэме

Алесь Бяляцкі: 2 гады адвольнага арышту ў Беларусі

У Вільні прайшлі акцыі салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі

Вызваленне палітвязняў – абавязковая ўмова для ўзнаўлення ўзаемаадносін ЕЗ з Беларуссю