Ігар Пастноў – псіхіятр Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі. Апошнія паўтара гады ён неаднаразова крытыкаваў палітыку ўрада і гарадскую сістэму аховы здароўя у сваіх выступах, змешчаных у сацыяльнай сетцы YouTube . У сваіх выступах ён закранаў такія вострыя тэмы, як медыцынскія памылкі і нямэтавае расходаванне грашовых сродкаў. У чэрвені 2013 года Ігар Пастноў раскрытыкаваў дзеянні міліцыі па прымусовай шпіталізацыі бяздомных і бадзягаў у мэтах псіхіятрычнага агляду.

Праз крытычныя выказванні Ігара Пастнова паміж ім і кіраўніцтвам паўстаў сур’ёзны канфлікт. 16 жніўня псіхіятрычная камісія клінічнага цэнтра, у якім працаваў Пастноў, заключыла, што яму патрабуецца прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ў сувязі з “псіхапатыяй з маніяй пераследу ўлады”.. 21 жніўня Віцебскі раённы суд у рамках закрытага пасяджэння пастанавіў падвергнуць Ігара Пастнова прымусоваму лячэнню ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псіхіятрыі і наркалогіі. Пастанова суда абвяшчала, што Ігару Пастнову патрабуецца прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ў сувязі з “хранічным трызнёвым разладам”, якi ўяўляе небяспеку для яго самога і навакольных. У судовай пастанове не раскрывалася, якую небяспеку ўяўляе Ігар Пастноў для грамадства, згадваліся толькі яго выступы ў сеціве.  Справа разглядалася ў яго адсутнасць. У рашэнні суда не ўтрымліваецца дастатковага абгрунтавання немагчымасці яго ўдзелу ў працэсе, прыведзена толькі фармальная падстава, якая дае магчымасць разглядаць справы ў адсутнасці грамадзяніна, – стан яго здароўя.

 «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і Праваабарончы цэнтр «Вясна» у сумеснай заяве адзначаюць: “Нашу занепакоенасць выклікае той факт, што да Ігара Пастнова прымусовая шпіталізацыя і лячэнне ўжытыя пасля выказвання ім крытыкі стану медыцыны ў Віцебскай вобласці, указання на парушэнні заканадаўства кіраўнікамі медыцынскіх устаноў. Больш за тое, заява ў суд аб прымусовай шпіталізацыі пададзена галоўным лекарам Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, чые дзеянні, у тым ліку, былі аб’ектам крытыкі Ігара Пастнова”.

“Правядзенне суда ў закрытым рэжыме без дастатковых на тое падстаў супярэчыць прынцыпу галоснасці пры адпраўленні правасуддзя і само па сабе з’яўляецца парушэннем права на справядлівы суд. Відавочна, што парушэнне права Ігара Пастнова на справядлівае судовае разбіральніцтва пацягнула парушэнне яго права на асабістую недатыкальнасць. Такія дзеянні, апроч усяго, з’яўляюцца парушэннем гарантыі на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне. Мы заклікаем кампетэнтныя органы неадкладна вызваліць Ігара Пастнова з псіхіятрычнага стацыянара і перагледзець рашэнне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваннем устаноўленых працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разбору,” – гаворыцца ў заяве беларускіх праваабаронцаў.

Amnesty International нагадала пра абавязак дзяржаваў абараняць свабоду выказвання меркаванняў
Тым часам міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International накіравала афіцыйны зварот у органы ўлады Беларусі,
дзе нагадвае пра абавязак дзяржаваў абараняць свабоду выказвання меркаванняў і садзейнічаць актыўнаму абмеркаванню грамадскіх дзеячаў і дзяржаўных установаў. Выказваючы занепакоенасць тым, што Ігара Пастнова маглі затрымаць у адвольным парадку за законную крытыку сістэмы аховы здароўя Віцебскай вобласці, міжнародныя праваабаронцы заклікаюць накіроўваць звароты ў органы ўлады Беларусі, каб:

– нагадаць уладам аб тым, што прымусовае псіхіятрычнае лячэнне можа прымяняцца толькі ў дачыненні да асобаў з сур’ёзнымі псіхіятрычнымі захворваннямі, якія могуць прычыніць непасрэдную і непазбежную шкоду сабе і іншым;

– запатрабаваць прызначыць паўторны псіхіятрычны агляд Ігара Пастнова з тым, каб устанавіць, якую небяспеку той ўяўляе для сябе і навакольных;

– запатрабаваць прыняць усе неабходныя меры да таго, каб Ігару Пастнову забяспечылі дастатковую юрыдычную дапамогу і магчымасць сустрэцца з адвакатам з мэтай абскарджання рашэння суда.

У паведамленні Amnesty International сярод іншага адзначаецца, што ў Беларусі сістэматычна зневажаецца права на свабоду выказвання меркаванняў і крытыкаў уладаў нярэдка падвяргаюць пераследу.

 

Артыкулы па тэме

На волю выйшаў палітвязень Аляксандр Францкевіч

Палітвязень Зміцер Дашкевіч на волі

Беларусу пагражае зняволенне за дабрачыннасць