Патрабуем неадкладнага вызвалення Паўла Севярынца

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту палітвязня Паўла Севярынца.

Супольная заява праваабарончых ды іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі

Мінск, 10 ліпеня  2020 г.

Суд Савецкага раёна г. Мінска 8 ліпеня  вынес пастанову аб прыцягненні Паўла Севярынца да адміністрацыйнай адказнасці  ў выглядзе 15 сутак арышту. Паводле пастановы суда П. Севярынец заклікаў да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля Камароўскага рынку ў г. Мінску 7 чэрвеня гэтага году, чым парушыў парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, устаноўлены Законам Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах” і адпаведна здзейсніў правапарушэнне, прадугледжанае арт. 23. 34 КаАП Рэспублікі Беларусь.

Варта адзначыць, што за ўдзел у дадзеным мерапрыемстве П. Севярынец ужо быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту тэрмінам на 15 сутак. Ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 7 чэрвеня па дарозе дадому. Пасля гэтага ў дачыненні да П. Севярынца было вынесена, як мінімум, тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах па 15 сутак кожная (у суме 60 сутак арышту).

Ужо месяц, як П. Севярынец знаходзіцца ў ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама г. Мінска. Таксама ў яго засталіся неадбытымі 30 сутак арышту за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях пратэсту ў снежні і студзені мінулага і бягучага году. Такім чынам, агульная працягласць адміністрацыйнага арышту П. Севярынца можа скласці не менш за 105 сутак, што можа перавысіць максімальны тэрмін (да трох месяцаў) арышту, які прадугледжаны як від пакарання Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Мы ў чарговы раз адзначаем, што такога кшталту практыка прымянення нормаў КаАП з’яўляецца заганнай, мае палітычна матываваны характар, ужываецца з мэтай аказання ціску, пакарання за публічную грамадскую дзейнасць і ізаляцыі Паўла Севярынца на ўвесь перыяд выбарчай кампаніі.

Акрамя таго мы нагадваем, што свабода мірных сходаў і выказвання меркаванняў гарантаваная грамадзянам Беларусі як дзеючай Канстытуцыяй краіны, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, у прыватнасці. Пазбаўленне волі ў сувязі з рэалізацыяй гэтых свабодаў з’яўляецца недапушчальнай і непрымальнай практыкай у дэмакратычным грамадстве.

Вялікую занепакоенасць выклікае інфармацыя аб жорсткім і бесчалавечным абыходжанні, якому падвяргаецца ў ЦІП Павел Севярынец.

Актывіста неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар без цёплай вопраткі і асабістых рэчаў, дзе з-за нізкіх тэмператур уначы ён не мог спаць, а ўдзень, калі нары падымаюцца і замацоўваюцца да сцяны, увесь час вымушаны сядзець на невялікім зэдліку. Яго не выводзяць на прагулкі і ў душ, працяглы час не прымалі перадачы ад родных, і дагэтуль не дапускаюць да яго адваката.

У сувязі з гэтым мы нагадваем, што свабода ад катаванняў і жорсткага бесчалавечнага абыходжання з’яўляецца абсалютным правам, а такое абыходжанне забаронена як дзеючым нацыянальным заканадаўствам, так і міжнародным правам у галіне правоў чалавека.

Таксама нагадваем, што права на прававую дапамогу гарантаванае арт. 62 Канстытуцыі РБ, а супрацьдзеянне аказанню такой дапамогі – забаронена.

Згодна з п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, зацверджанага беларускай праваабарончай супольнасцю на ІІІ Праваабарончым форуме, пазбаўленне волі (у тым ліку і адміністрацыйны арышт) у сувязі з негвалтоўным ажыцяўленнем свабодаў, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з’яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неакладнага вызвалення.

Гэтыя патрабаванні ў поўнай меры датычацца ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за удзел, арганізацыю мірных сходаў і заклікі да іх правядзення, пра што намі ўжо неаднаразова заяўлялася, у тым ліку ў заяве з нагоды арышту блогера Дзмітрыя Казлова (Шэры кот) ад 21.01.2020 г.

Такім чынам мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, яшчэ раз адзначаем, што разглядаем усіх адміністрацыйна арыштаваных за мірную рэалізацыю свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання, уключна з Паўлам Севярынцам, як палітычных зняволеных.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту палітвязня Паўла Севярынца  і патрабуем:

  • адмены вынесеных у дачыненні да Паўла Севярынца пастаноў суда аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці за арганізацыю ці ўдзел у мірных сходах і неадкладнага ягонага вызвалення;
  • неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў, якія адбываюць адміністрацыйныя арышты за рэалізацыю свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання;
  • правядзення праверкі і пакарання ўсіх вінаватых у прымяненні катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання ў дачыненні да Паўла Севярынца і іншых арыштаваных;

Таксама заклікаем Урад Беларусі да выканання ўсіх добраахвотна ўзятых на сабе міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, у тым ліку аб недапушчэнні катаванняў і іншых жорсткіх і бесчалавечных відаў абыходжання.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;

Публічная ўстанова “Беларускі дакументацыйны цэнтр”;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Простае таварыства “Ініцыятыва Forb”;

Ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права»;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі ПЭН-цэнтр.

Latest

August 14, 2020

Праваабаронцы звярнуліся да Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і да тэматычных спецдакладчыкаў па сітуацыі ў Беларусі

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі звярнуліся да Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і да спецыяльных тэматычных дакладчыкаў па пытанні прыняцця тэрміновых мер і з просьбай ініцыяваць маніторынг сітуацыі.

August 13, 2020

European Union and Member States must support human rights in Belarus

In advance of the EU’s Foreign Affairs Council meeting on 14 August, Human Rights House Foundation calls upon the EU to send a clear and strong message to the Belarusian authoritarian president, police, and his security forces that those responsible for grave human rights abuses will be held accountable.

August 11, 2020

Праваабаронцы заклікаюць не затрымліваць мірных грамадзян, не ўжываць супраць іх сілу і спецсродкі

Беларускія праваабарончыя арганізацыі выказаліся супраць дзеянняў сілавых структур.