Праваабаронцы заклікаюць не затрымліваць мірных грамадзян, не ўжываць супраць іх сілу і спецсродкі

Беларускія праваабарончыя арганізацыі выказаліся супраць дзеянняў сілавых структур.

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

Мінск, 10.08.2020

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем рашучы пратэст у сувязі з дзеяннямі сілавых структур у дачыненні да мірных дэманстрантаў.

Права выказаць меркаванне на мірных сходах з’яўляецца адным з найважнейшых правоў чалавека. У Беларусі няма эфектыўных механізмаў для рэалізацыі права на мірныя сходы, няма сумленных і свабодных выбараў, эфектыўнай працэдуры абскарджання парушаных правоў. Адзінай магчымасцю выказаць пратэст з’яўляюцца мітынгі і дэманстрацыі.

Выхад людзей на вуліцы беларускіх гарадоў быў выкліканы выключна нязгодай з дзеяннямі ўладаў падчас выбарчай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая з самага пачатку праходзіла ў атмасферы страху і запалохвання.

Мы асуджаем непрапарцыйнае прымяненне сілы супрацоўнікамі праваахоўных органаў 9 і 10 жніўня, выкарыстанне спецыяльных сродкаў у адносінах да мірных дэманстрантаў.

Мы ўскладаем на ўладу і праваахоўныя органы ўсю адказнасць за тое, што адбылося. Адначасова мы заклікаем да больш хуткай дээскалацыі канфлікту.

Мы хочам яшчэ раз падкрэсліць, што выкарыстанне сілы, разгон сходаў і затрыманне іх удзельнікаў без разумнага абгрунтавання з’яўляецца недапушчальным абмежаваннем права на мірныя сходы і правы на выказванне меркавання.

Адзначаем, што любы гвалт немінуча прыводзіць да зваротнай рэакцыі, якая можа быць непрадказальнай і некантраляванай. У сувязі з гэтым мы ў чарговы раз заклікаем супрацоўнікаў міліцыі, вайскоўцаў і супрацоўнікаў іншых органаў і падраздзяленняў, якія былі задзейнічаныя ў разгонах мірных дэманстрацый, да стрыманасці і непрымянення гвалту і зброі.

Мы заклікаем спыніць затрымліваць, ужываць сілу і спецсродкі да людзей, якія выходзяць на вуліцы гарадоў для мірнага выказвання пратэсту.

Звяртаем увагу, што ў тых беларускіх гарадах, дзе супрацоўнікі праваахоўных органаў адмовіліся ад прымянення гвалту да мірных пратэстоўцаў, дэманстрацыі і выступленні людзей прайшлі мірна.

Мы занепакоеныя паведамленнямі аб як мінімум адной ахвяры начных сутыкненняў, а таксама аб сур’ёзных траўмах, прычыненых мірным грамадзянам светла-шумавымі гранатамі і гумовымі кулямі, якія без важкіх падстаў выкарыстоўваліся на вуліцах Мінска і іншых гарадоў. У сувязі з гэтым мы патрабуем праваахоўныя органы адмовіцца ад падобнай практыкі.

Мы таксама заклікаем органы аховы здароўя і медыкаў даць поўную і дакладную інфармацыю аб колькасці ахвяр і пацярпелых у сутыкненнях і ў далейшым інфармаваць пра гэта грамадскасць і СМІ. Нагадваем пра тое, што ў адпаведнасці з арт. 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь грамадзянам гарантуецца права на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў.

Хочам нагадаць, што падчас крызіснай сітуацыі, звязанай з пандэміяй COVID-19, валанцёры з ліку звычайных грамадзян аператыўна аказалі неабходную дапамогу беларускім медыкам у забеспячэнні іх сродкамі індывідуальнай абароны.

Мы патрабуем ад следчых органаў і органаў пракуратуры аб’ектыўнага і бесстаронняга расследавання ўсіх фактаў прымянення сілы і спецыяльных сродкаў у дачыненні да мірных дэманстрантаў, а таксама прычын і ўмоў, якія прывялі да таго, што здарылася.

І, нарэшце, мы звяртаемся да шараговых супрацоўнікаў праваахоўных органаў з заклікам адмовіцца ад выканання загадзя злачынных загадаў і распараджэнняў па ўжыванні непрапарцыйнай сілы да мірных дэманстрантаў.

Latest

September 22, 2020

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітзняволенай, праваабаронцы ПЦ “Вясна” Марфы Рабковай

Супольная заява беларускай праваабарончай супольнасці.

September 18, 2020

New UN human rights investigative mechanism in Belarus must accompany political dialogue

After holding an urgent debate today to scrutinise the serious human rights violations surrounding the 9 August presidential election in Belarus, the UN took immediate action, mandating its most senior human rights official to outline a process for accountability in Belarus before the end of the year.