Патрабуем неадкладнага перагляду прысуду палітвязняў Мікіты Емяльянава і Івана Комара

Беларускія праваабарончыя арганізацыі патрабуюць для Емяльянава і Комара неадкладнага перагляду прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі пералічаных парушэнняў.

Прысудам суда Савецкага раёна г. Мінска ад 12 лютага 2020 году анархісты Мікіта Емяльянаў і Іван Комар былі асуджаныя на сем гадоў пазбаўлення волі кожны за псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах (арт. 341 КК), замах на наўмыснае пашкоджанне маёмасці і наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам (ч.1 арт. 14 ч. 2 артыкула 218 КК, ч. 2 артыкула 218 КК), незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (ч. 2 арт. 295-3 КК).

У віну Емяльянаву і Комару ставілася закідванне лямпачкамі з фарбай фасаду будынка Мінскага гарадскога суда ў верасні 2019 года і два эпізоды выкарыстання гаручай сумесі (адзін з якіх не адбыўся) для падпалу дзвярэй следчага ізалятара ў кастрычніку 2019 года ў г. Мінску.

Мікіта Емяльянаў не адмаўляў свайго ўдзелу ва ўсіх трох акцыях і заявіў, што мэтай яго дзеянняў было прыцягненне ўвагі да палітычных зняволеных у Беларусі, выказванне нязгоды з дзеючай сістэмай і рэпрэсіямі за свабоду меркаванняў.

Іван Комар адмаўляў свой актыўны ўдзел у акцыях і заяўляў аб ужыванні да яго жорсткага абыходжання і ціску на яго прадстаўнікамі ГУБАЗіК МУС і іншымі асобамі з мэтай напісання яўкі з павіннай.

У дачыненні да заявы Івана Комара пра ўжыванне псіхалагічнага і фізічнага ціску належнага расследавання не зроблена. Суд не прыпыніў разгляд справы для высвятлення абставінаў жорсткага абыходжання па заяве Комара. Пры такіх абставінах дакладнасць і дапушчальнасць тых доказаў, якія былі атрыманыя па выніках допытаў абвінавачанага, а затым ляглі ў аснову абвінаваўчага прысуду выклікаюць сумнеў.

У адпаведнасці з артыкулам 7 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму яго годнасць абыходжанню або пакаранню.

У адпаведнасці з артыкулам 19 Пакта кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў. Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друк, або мастацкіх формаў выражэння, ці іншым шляхам па свайму выбару.

Карыстанне дадзеным правам накладае асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Гэта права, адпаведна, можа быць звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі:

а) для павагі і рэпутацыі іншых асобаў;

б) для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.

Такім чынам, дапушчальныя абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў, устаноўленыя для аховы грамадскага парадку, павінны быць прапарцыйнымі і не выходзіць за неабходныя межы. Супрацьпраўнае выкарыстанне гаручай сумесі, пашкоджанне маёмасці можа і павінна пераследвацца па законе, аднак пакаранне за гэтыя парушэнні не павінна быць празмерным і непрапарцыйным.

У адпаведнасці з артыкулам 14 Пакта кожны мае права пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачання, прад’яўлянага яму, на справядлівы і публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом.

У парушэнне названых правоў Мікіта Емяльянаў быў асуджаны да празмерна жорсткага пакарання, якое з’яўляецца відавочна непрапарцыйным зробленаму.

Іван Комар таксама быў пакараны празмерна жорстка, непрапарцыйна пастаўленным у віну дзеянням.

Акрамя таго, суд не праверыў належным чынам заявы Комара пра прымус да дачы паказанняў, аб жорсткім абыходжанні і пагрозах катаваннямі; не дадзеная належная ацэнка праведзеных у дачыненні да абвінавачанага Емяльянава аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, якія парушылі яго права не сведчыць супраць сябе, а таксама карыстацца дапамогай адваката, што ў сукупнасці з іншымі парушэннямі правоў абвінавачаных сведчыць аб несправядлівым судовым разглядзе.

З улікам цяжкасці наступстваў зробленага, наступных паводзінаў і дадзеных пра асобу абвінавачаных, меліся падставы прымянення да Емяльянава і Комара мераў крымінальнай адказнасці, не звязаных з пазбаўленнем волі, прадугледжаных санкцыямі адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Усё выкладзенае можа сведчыць аб непрапарцыйным пакаранні Мікіты Емяльянава і Івана Комара ў сувязі з іх поглядамі і перакананнямі.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця «палітычны вязень», палітычным зняволеным можа з’яўляцца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабодаў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах;
  • пазбаўленне волі было заснаванае на фальсіфікацыі доказаў усвядомленага правапарушэння альбо пры адсутнасці падзеі ці складу правапарушэння альбо яго здзяйсненні іншай асобай;
  • працягласць ці ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца ці была прызнаная вінаватай.

Лічым неабходным патрабаваць для Мікіты Емяльянава і Івана Комара неадкладнага перагляду прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі пералічаных парушэнняў.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”

ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр”

РГА “Прававая ініцыятыва”

Установа “Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве «Хьюман Канстанта»”

Праваабарончая ініцыятыўная група “Ідэнтычнасць і права”

Цэнтр прававой трансфармацыі “Lawtrend”

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Latest

February 15, 2020

HRHF calls for end to violence against Azerbaijan protestors

Oslo & Geneva, February 14, 2020: Following events of February 11, 2020 in Baku, Human Rights House Foundation condemns the on-going violence used by Azerbaijani authorities against peaceful protestors raising concerns about recent early Parliamentary elections as well as violence against journalists covering those protests. HRHF renews its call on the Azerbaijani authorities to end the use of violence and unlawful detention against peaceful protestors and journalists.

February 15, 2020

Патрабуем неадкладнага перагляду прысуду палітвязняў Мікіты Емяльянава і Івана Комара

Беларускія праваабарончыя арганізацыі патрабуюць для Емяльянава і Комара неадкладнага перагляду прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі пералічаных парушэнняў.

February 12, 2020

Фатограф Дар’я Сапранецкая: «Мяне зачапіла гісторыя супрацьстаяння адной жанчыны і цэлага заводу»

У 2020 годзе Фонд Дамоў правоў чалавека зладзіў фотаконкурс, прысвечаны жанчынам-праваабаронцам. Аўтарам з Беларусі была Дар’я Сапранецкая, якая зрабіла партрэт Алены Маслюковай.