АДВАКАЦЫЯ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА

Мэта міжнароднай адвакацыі – прыцягненне увагі да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і крытыкаванне міжнароднай супольнасцю палітыкі беларускіх уладаў за парушэнне правоў чалавека і палітычныя рэпрэсіі. Беларускія праваабарончыя арганізацыі маюць вялікі паспяховы досвед міжнароднай адвакацыі.

Штогадовая каардынацыйная нарада

З 2011 года БДПЧ ладзіць штогадовыя каардынацыйныя нарады з удзелам прадстаўнікоў беларускіх і міжнародных арганізацый. Такія нарады маюць стратэгічны характар. Праваабаронцы вызначаюць прыярытэтныя пытанні і супольныя дзеянні на наступны год. Нарада дазваляе вызначыць прыярытэты адвакацыі на бліжэйшую будучыню; пытанні, якімі будзе займацца праваабарончая супольнасць; абмяняцца досведам, абмеркаваць супольную стратэгію. Яскравы прыклад: у студзені 2017 года з’явілася ідэя правесці Паралельны форум перад самітам АБСЕ ў Мінску, і ў ліпені Паралельны форум адбыўся дзякуючы супольным намаганням беларускіх НДА і іх міжнародных партнёраў.

Таксама штогадовая студзеньская нарада – магчымасць беларускай праваабарончай супольнасці сустрэцца і пакамунікаваць са спецдакладчыкам ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Нажаль, спецдакладчык не мае магчымасці сустракацца з праваабаронцамі ў самой Беларусі, бо беларускія ўлады гэты мандат не прызнаюць і адмаўляюцца з ім супрацоўнічаць.

Лісты, заявы і заклікі

БДПЧ стала далучаецца і падтрымлівае заявы, лісты пра стурбаванасць і заклікі, напісаныя сябрамі Платформы грамадзянскай салідарнасці ў адказ на выпадкі пераследу і запалохвання праваабаронцаў, грамадскіх і палітычных актывістаў і незалежных журналістаў у рэгіёне былога Савецкага Саюза. Дом ёсць сябрам Платформы і актыўна падтрымлівае яе ініцыятывы ад моманту заснавання.

Супраца са спецдакладчыкам

БДПЧ шчыльна супрацоўнічае са спедцакладчыкам ААН па пытаннях правоў чалавека ў Беларусі. Спецдакладчык атрымлівае інфармацыю аб правах чалавека ў Беларусі, асабліва пра ўзмацненне рэпрэсій і запалохванняў, а таксама пра пераслед грамадскіх актывістаў і пратэстоўцаў. У 2017 годзе БДПЧ разам з “Вясной” адстойвалі неабходнасць узнаўлення мандата спецдакладчыка. Пад эгідай БДПЧ беларускія праваабарончыя арганізацыі накіроўваюць дакладчыку свае аналізы і агляды бягучых падзей датычна правоў чалавека перад прэзэнтацыяй яго гадавога даклада.

Альтэрнатыўныя даклады

У 2017 годзе БДПЧ зрабіў свой унёсак у далейшае прасоўванне альтэрнатыўных дакладаў, распрацаваных кааліцыямі беларускіх праваабарончых арганізацый. Такім чынам, даклад аб расавай дыскрымінацыі быў прэзэнтаваны на 94-1 сэсіі КЛРД ў снежні 2017 года ў Жэневе дэлегацыяй беларускіх праваабарончых арганізацый, у тым ліку выпускнікамі ILIA-By, падчас адукацыйнага візіта ў Жэневу, арганізаванага БДПЧ разам з БХК. Падчас візіта дэлегацыя таксама сустрэлася з прадстаўнікамі КПЧ і Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, а таксама некаторымі фондамі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі. Даклад пра імплементацыю МПГПП Камітэт будзе разглядаць увосень 2018. Перш чым прэзэнтаваць даклад, Кааліцыя накіравала некаторым дзяржаўным органам і прапанавала пракаментаваць і, пажадана, абмеркаваць з Кааліцыяй.