Фундацыя дамоў правоў чалавека

Belarusian

Карцінка: Праваабаронцы гатовыя дапамагаць у дапрацоўцы і рэалізацыі нацыянальнага плана па правах чалавека

Праваабаронцы гатовыя дапамагаць у дапрацоўцы і рэалізацыі нацыянальнага плана па правах чалавека

Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый падтрымалі зацвярджэнне Міжведамаснага плана дзеянняў па правах чалавека і выказалі сумесную пазіцыю адносна яго зместу і спосабаў удасканалення.

пятніца, 04 лістапада 2016, Беларускі ДПЧ

Такі план быў распрацаваны ўпершыню за ўсю гісторыю Беларусі і змяшчае ў сабе шэраг мерапрыемстваў, якія маюць на мэце палепшыць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне. Так, у плане на перыяд з 2016 да 2019 гг. пералічаныя крокі па рэалізацыі рэкамендацый, прынятых ў рамках прахаджэння працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце па правах чалавека ААН.


Беларускія праваабаронцы апублікавалі сумесную пазіцыію адносна гэтага дакумента, дзе адзначаюць неабходнасць дапрацаваць план, зыходзячы з прапаноў беларускіх праваабарончых арганізацый, а таксама рэкамендацый, якія будуць адрасаваныя ў бліжэйшы час Камітэтам па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, Камітэтам супраць катаванняў і Камітэтам па правах чалавека.


Прааналізаваўшы дакумент, беларускія праваабаронцы адзначаюць, што з 22 тэм, па якіх кааліцыя праваабарончых арганізацый Беларусі прадставіла свае прапановы, у плане былі часткова ўлічаныя прапановы па 17 тэмах. Так, праваабаронцы прапануюць дапоўніць план мерапрыемствамі па паляпшэнні сітуацыі у такіх сферах правоў чалавека, як свабода слова і асацыяцый, рэлігійныя свабоды і сацыяльна-эканамічныя правы. Таксама, паводле праваабаронцаў, некаторыя з пералічаных у плане мерапрыемстваў носяць неканкрэтны характар, не могуць мець вымяральных вынікаў і самі па сабе не могуць прывесці да якасных паляпшэнняў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.


Праваабаронцы заяўляюць, што для эфектыўнай рэалізацыі, неабходна забеспячыць празрыстасць працэсу і прыцягнуць ўсе зацікаўленыя бакі. У сумеснай пазіцыі падкрэсліваецца гатоўнасць праваабаронцаў прыняць удзел у распрацоўцы и рэалізацыі праграм па выкананні мерапрыемстваў Міжведамаснага плана профільнымі міністэрствамі і ведамствамі.


Зацікаўленасць праваабарончай супольнасці у максімальна эфектыўным выкананні плана падкрэсліў і старшыня БХК Алег Гулак, каментуючы пазіцыю праваабаронцаў: "Вельмі важна, што ў нас ёсць сумесная пазіцыя, што праваабарончая супольнасць мае агульнае бачанне і разумее, што гэты план, ў першую чаргу, з'яўляецца арыенцірам для нас у нашай працы. У пазіцыі паказана, што не ўсе з нашых прапаноў былі ўключаны ў план, але ёсць некалькі напрамкаў для далейшай працы. Па-першае, дапаўненне самога плана. Гэта магчыма на ўзроўні распрацоўкі крокаў па яго выкананні, аб гэтым важна гаварыць і прапаноўваць канкрэтныя дзеянні. Другі момант - гэта выкананне таго, што ўжо запланавана, з максімальным эфектам. І гэта таксама вельмі важнае пытанне і вялікі выклік для нас, як гэтага дамагчыся".


***
Універсальны перыядычны агляд - гэта дастаткова новы (дзейнічае з 2006 года) механізм Савета па правах чалавека, што ацэньвае ступень, у якой кожная са 193 дзяржаў-членаў ААН выконвае свае міжнародныя абавязацельствы па правах чалавека. УПА закліканы паляпшаць сітуацыю з правамі чалавека «на месцах», спрыяць выкананню абавязацельстваў дзяржавы ў галіне правоў чалавека і ўмацоўваць патэнцыял дзяржавы ў справе абароны правоў чалавека.

Беларускі ДПЧ

Перамяшчэнне па старонцы