Фундацыя дамоў правоў чалавека

Belarusian

Карцінка: Беларусі далёка да свабодных і справядлівых выбараў

Беларусі далёка да свабодных і справядлівых выбараў

Пасля выбараў 11 верасня апазіцыя атрымала адно месца ў Парламенце Беларусі, упершыню за апошнія 20 год. Тым не менш, выбары не адпавядалі шэрагу ключавых міжнародных стандартаў справядлівых і свабодных выбараў, кажуць назіральнікі.

панядзелак, 12 верасня 2016

Праўрадавыя кандыдаты выйгралі 108 са 110 месцаў у Парламенце, два астатніх месца атрымалі Ганна Канапацкая, сябра апазіцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі, і незалежная кандыдатка Алена Анісім, якая мае сувязі з апазіцыяй.

"Абвешчаныя вынікі выбараў нельга ні падцвердзіць, ні абвергнуць. Гэта таксама тычыцца дзвюх прадстаўніц дэмакратычных сілаў, якія былі абвешчаныя пераможцамі ў сваіх акругах і абраныя ў Парламент. Паколькі выбары ў іх выбарчых акругах праходзілі па той жа самай схеме, што і ў іншых частках краіны, то мы, хутчэй за ўсё, маем справу з чыста палітычным рашэннем уладаў, мэтай якога з'яўляецца прадэманстраваць некаторую ўнутраную лібералізацыю ў краіне", - пракаментавала Таццяна Рэвяка, прэзідэнт Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Місія АБСЕ/БДІПЧ, якая назірала за выбарамі, апублікавала прамежкавую справаздачу, у якой падкрэсліла сваю заклапочанасць з нагоды выбарчай сістэмы і нарматыўна-прававой базы, а таксама адміністравання выбараў.

Высновы з назіранняў, праведзеных актывістамі Беларускага Хельсінкскага Камітэта і праваабарончага цэнтра "Вясна" (абедзве арганізацыі з'яўляюцца чальцамі Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава), сведчаць, што "выбары не адпавядалі шэрагу ключавых міжнародных стандартаў дэмакратычных і свабодных выбараў". Перш за ўсё, такія высновы абумоўлены адсутнасцю роўнага доступу да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх кандыдатаў, адсутнасцю бесстароннасці выбарчых камісій, фактамі злоўжывання адміністрацыйнымі рэсурсамі на карысць праўладных кандыдатаў, шматлікімі фактамі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, непразрыстасцю некаторых выбарчых працэдураў для назіральнікаў".

Заўвагі і парушэнні, асветленыя ў аналізе Вясны, уключаюць:

Непразрыстыя працэдуры падліку галасоў, назіральнікі вымушаныя назіраць за працэдурамі на адлегласці.Было таксама паведамлена, што грамадзяне былі прымушаныя да датэрміновага галасавання, у прыватнасці, супрацоўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і студэнты вышэйшых навучальных установаў. Гэта прадаставіла мноства магчымасцяў для маніпуляцый.

На некаторых участках вялікая колькасць выбаршчыкаў прагаласавала з дапамогай перанасной выбарчай урны (на даму). Пры гэтым, існуючыя працэдуры прадастаўляюць прастору для ўмяшання ў працэсс, а назіральнікі не маюць магчымасці праверыць, ці заяўлялі выбаршчыкі аб неабходнасці прагаласавць на даму.

"Улады выкарысталі ўсе магчымыя сродкі, каб прымусіць людзей прыйсці на выбарчыя ўчасткі. Калі яўка не была забяспечаная, выбарчыя камісіі проста фальсіфікавалі лічбы ў пратаколах, бо ім было наказана так зрабіць. Выбары сталі сістэмай матэматычных маніпуляцыяў. Каб схаваць гэтыя маніпуляцыі, падлік галасоў быў праведзены такім чынам, каб не дазволіць нікому ўбачыць, колькі выбаршчыкаў прагаласавала і за каго яны аддалі свае галасы", - каментуе Рэвяка.

Паводле рэпортаў Вясны, выбарчай кампаніі не ўдалося прыцягнуць вялікую ўвагу грамадскасці. Праўрадавыя кандыдаты карысталіся больш спрыяльнымі ўмовамі для правядзення сваіх кампаній, уключаючы доступ да адміністрацыйных рэсурсаў, такіх як электронныя і друкаваныя сродкі масавай інфармацыі, у той самы час як прамовы і платформы некаторых кандыдатаў падвяргаліся цэнзуры, былі перашкоды падчас публікацыі агітацыйных матэрыялаў, у тым ліку несанкцыянаванае рэдагаванне.

Асноўнымі арганізатарамі і адміністратарамі выбараў з'яўляюцца прадстаўнікі пяці найбуйнейшых праўладных грамадскіх аб'яднанняў. Фармаванне выбарчых камісіяў было заснвана на дыскрымінацыйным падыходзе да прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў, у камісіі прымалася значна большая колькасць праўладных прадстаўнікоў.

"Нягледзячы на ​​тое, што гэтыя выбары былі адзначаны шэрагам станоўчых тэндэнцыяў, яны не адпавядалі стандартам дэмакратычных і празрыстых выбараў. Вядома, гэта важна, што не было масавых арыштаў і судовых пераследаў удзельнікаў выбарчай кампаніяў і іншых актывістаў, але мы не можам сказаць, што палітычная абстаноўка была спрыяльнай, паколькі многія правы па-ранейшаму былі абмежаваныя - свабода слова і свабода сходаў, у прыватнасці", - працягнула Рэвяка.

Фларыян Ірмінгер, кіраўнік па адвакацыі Фундацыі Дамоў Правоў Чалавека, таксама адзначыў:

«Міжнародная супольнасць мае тэндэнцыю выказваць пазітыўнае стаўленне, калі не адбываецца ніякага гвалту падчас выбарчага цыклу ў Беларусі, гэта ставіць планку чаканняў вельмі нізка. Пазітыўныя крокі сапраўды носяць чыста касметычны характар: у той час як звонку сітуацыя магчыма палепшылася, сітуацыя з правамі чалавека не змянілася. Вельмі абмежавальнае заканадаўства застаецца ў сіле, даючы магчымасць уладам у любы момант арыштоўваць нязгодных, праваабаронцаў, журналістаў, актывістаў, ці каго-небудзь іншага".

"Больш дакладная карціна Беларусі была прадстаўлена ў рамках працы Спецыяльнага дакладчыка ААН аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, які кваліфікуе сістэму правоў чалавека ў краіне як "дазваляльную", у тым сэнсе, што кожнаму патрэбны дазвол дзяржавы, каб карыстацца сваімі свабодамі. Такі міжнародны маніторынг сітуацыі ў Беларусі неабходны больш чым кали б ні было, каб гарантаваць, што голас уладаў не адзіны пачуты на міжнародным узроўні, у дадатак да справаздачаў праваабаронцаў".

Спецыяльны дакладчык ААН аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, Міклаш Харасці, плануе прадставіць даклад Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ГА ​​ААН) у кастрычніку. У папярэднім дакладзе, прадстаўленым ГА ААН у 2013 годзе, Харасці сказаў: «Улады Беларусі не толькі паказалі катэгарычную адсутнасць жадання вырашаць праблему з выбарчымі правамі і забяспечваць свабодныя і справядлівыя выбары, яны зрабілі некалькі крокаў па абмежаванні грамадзянскіх і палітычных правоў у выбарчым працэсе і рэпрэсуюць тых, хто выкарыстоўвае іх без дазволу".

Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава праводзіць прэс-канферэнцыю па выніках парламенцкіх выбараў 13 верасня з 12:00 да 14:00. Будзе забяспечаная онлайн-трансляцыя прэс-канферэнцыі.

Прадстаўнікі кампаній "Праваабаронцы за свабодныя выбары", "Права выбару-2016" і Electby раскажуць пра вынікі назірання за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі, прааналізуюць палітычныя наступствы выбараў і адкажуць на пытанні.

Перамяшчэнне па старонцы