"Дыстанцыйнае навучанне адвакатаў правам чалавека": прымаюцца заяўкі на ўдзел
Фундацыя Дамоў правоў чалавека разам з удзельнікамі Сеткі Дамоў правоў чалавека з Азербайджана, Беларусі і Расеі, а таксама з партнёрамі з Грузіі распачалі новы праект – "Дыстанцыйнае навучанне адвакатаў правам чалавека".
чацвер, 26 лістапада 2009, Беларускі ДПЧ
Для ўдзелу ў праекце юрысты з названых вышэй краін могуць падаваць на разгляд заявы да 20 снежня 2009 года.
Курс тэрмінам у адзін год распрацаваны з удзелам мясцовых і міжнародных экспертаў, якія будуць навучаць удзельнікаў выкарыстоўваць канцэпцыі правоў чалавека ў сваёй штодзённай дзейнасці. Падчас навучання ўдзельнікам няма патрэбы пакідаць родныя мясціны. Мова навучання – расейская.
Электроннае навучанне будзе падтрымлівацца дзвюма міжнароднымі канферэнцыямі, увага якіх будзе сканцэтраваная на праблемах, што будуць уздымацца ў рамках праекту. Канферэнцыі адбудуцца ў Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні ў другой палове 2010 года.
Названы праект з’яўляецца часткай праграмы Фундацыі Дамоў правоў чалавека “Міжнароднае права ў праваабарончай дзейнасці” (дадатковая інфармацыя аб праграме на ангельскай і расейскай мовах).
Дыстанцыйныя он-лайн тэхналогіі для навучання будуць прадстаўленыя Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам (былы беларускі незалежны універсітэт, у цяперашні час дзейнічае ў выгнанні ў Вільні, Літва). Інтэрнет-платформа паспяхова выкарыстоўваецца ЕГУ з 2004 года для навучання студэнтаў завочнай і дыстанцыйнай формаў.
Юрыстам-удзельнікам праекта таксама будзе прапанаваная спецыяльна створаная электронная бібліятэка. Хаця мэта стварэння он-лайн бібліятэкі – выкарыстанне яе матэрыялаў удзельнікамі праекту, яна будзе даступная і для іншых асобаў: юрыстаў, праваабаронцаў, студэнтаў, навучэнцаў і г.д.
Беларускі ДПЧ
