Прымаюцца заяўкі на ўдзел у праекце па назіранні за выбарамі
Абвешчаны набор кандыдатаў на ўдзел у праекце па назіранні за выбарамі, які супольна ажыццяўляюць Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятываў (JuBIC), Шведскі міжнародны ліберальны цэнтр (Silc), Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (ЕГУ) і Беларускі Дом правоў чалавека ў Вільні (ДПЧ).
Калі: панядзелак, 05 кастрычніка 2009 - нядзеля, 08 лістапада 2009
Больш падрабязна: http://eotp.info
Кандыдаты пройдуць аднатыднёвую інтэнсіўную навучальную праграму ў Вільні, распрацаваную слыннымі нарвежскімі палітолагамі, якія маюць досвед назірання ў шматлікіх міжнародных місіях. Пасля паспяховага сканчэння праграмы кандыдаты атрымаюць адмысловы сертыфікат ЕГУ і сертыфікат SILC. Акрамя курса яны таксама прымуць удзел у міжнароднай місіі па назіранню за прэзідэнцкімі выбарамі ва Украіне 17 студзеня 2010 года, падчас якой удзельнікі атрымаюць практычны досвед у якасці акрэдытаваных, кароткатэрміновых, міжнародных назіральнікаў. Мэтанакіраваныя і актыўныя ўдзельнікі будуць запрошаныя на яшчэ, прынамсі, адну місію па назіранню цягам 2010 года.
Патэнцыйныя кандыдаты павінны:
- запоўніць онлайн-заяву (абавязкова);
- быць ад 18 да 35 год узросту (абавязкова);
- прадэманстраваць моцную грамадскую пазіцыю, быць актыўнымі і вясёлымі (абавязкова);
- быць сябрам альбо ўдзельнікам няўрадавых арганізацыяў ці грамадскіх ініцыятываў (пажадана);
- падаць рэкамендацыю ад дзейных няўрадавых арганізацыяў, грамадскіх ініцыятываў ці праектаў, якія карыстаюцца павагай (абавязкова);
- размаўляць і разумець па-ангельску (неабавязкова);
- мець магчымасць удзельнічаць у навучанні і непасрэдным назіранні з 6 па 19 студзеня 2010 года (абавязкова).
Папярэдні досвед у назіранні за выбарамі, міжнароднымі ці мясцовымі, ухваляецца, але не з’яўляецца абавязковым.
Заявы прымаюцца да 8 лістапада 2009 г. Заявы дасланыя пасля 24:00 8 лістапада разглядацца не будуць.
Онлайн-заяву можна запоўніць на сайце праекта.
Усім кандыдатам будзе паведамлена аб выніках да 15 лістапада.
Абраныя кандыдаты будуць запрошаныя на сумоўе (па тэлефоне ці праз skype).
Крытэры адбору:
- Якасць матывацыйнага ліста і вынікі сумоўя;
- Высокі ўзровень грамадскай актыўнасці;
- Рэкамендацыя ад аўтарытэтных і верагодных НДА, праваабаронцы, грамадскага актывіста або палітыка;
- Валоданне ангельскай мовай.

